«Маскоўскім духам тут і блізка не пахла»
- Андрэй Кныш, «Салідарнасць»
- 29.11.2026, 13:34
Што гісторыя Гальшан можа распавесці праваднікам «рускага свету».
Беларускі саюз архітэктараў прывёз у Мінск маскоўскага ўрабаніста Аляксея Комава з лекцыяй пад красамоўнай назвай «Маякі Рускага свету: суверэнны адказ сучасным выклікам».
Падчас сустрэчы ў Доме архітэктара госць распавёў, што стаіць «на варце Рускага свету — нашага адзінага і вялікага». Комаў таксама заявіў, што архітэктура служыць вырашэнню палітычных задач.
Архітэктурна-палітычная кар'ера Комава пачалася ў 2014-м, калі ён прыехаў у акупаваны ўкраінскі Крым. Усё пачалося з знішчэння надпісаў на ўкраінскай мове. Тым самым ён займаецца і сёння на тэрыторыях Украіны, акупаваных у ходзе паўнамаштабнай вайны.
У 2023-м Комаў стаў сузаснавальнікам праекта «Маякі Рускага свету», галоўная мэта якога — замацаванне прысутнасці расійскай імперыі ў гарадах, дзе за час пасля распаду СССР, паводле яго слоў, «адзіная руская культурная прастора была гвалтоўна разарваная».
На практыцы, калі тлумачыць як мага прасцей, аўтары праекта плануюць банальна пазначаць захопленую тэрыторыю з дапамогай манументальных аб’ектаў, у тым ліку стэл і абеліскаў.
Першыя «маякі» ўжо ўсталяваныя ў шэрагу захопленых гарадоў, распрацаваны шэраг праектаў для населеных пунктаў, за якія ідуць баі, а таксама для Кіева і Адэсы.
У сталіцы Украіны аўтары праекта мараць перайменаваць Майдан Незалежнасці ў «Рускую плошчу» і забудаваць яго алеяй расійскіх цароў.
Але вернемся ў Беларусь, тым больш што будаўнік «рускіх маякоў» прамым тэкстам заявіў пра жаданне пазначыць тэрыторыю і ў нас.
Сярод арганізатараў лекцыі Комава ў Мінску былі лідарская платформа «Каманда будучыні», створаная пад патранатам Наталлі Качанавай, і даччыны праект платформы — культурна-сацыяльны кластар «Встреча / Сустрэча», які ўзначальвае рэжысёрка Аляксандра Крот.
Кластар пазіцыянуецца як сетка адкрытых культурна-дасугавых і грамадскіх прастораў у малых гарадах Беларусі, а першай пляцоўкай для яго рэалізацыі выбраныя гістарычныя будынкі ў аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна.
Туды і запрасілі архітэктара з Масквы, надаўшы яму статус афіцыйнага «кансультанта па архітэктуры праекта». У Гальшанах Комаў з самага пачатку пачаў фантаніраваць ідэямі, сугучнымі тым, якія ён рэалізуе на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Спачатку маскоўскі архітэктар распавёў пра сваё жаданне ўстанавіць у Гальшанах помнік пскоўскаму князю Даўмонту. Што характэрна — не арыгінал, а копію помніка, усталяванага сёлета ў расійскім Пскове. Маўляў, ён ужо аб усім дамовіўся з аўтарам арыгінала. Вось толькі ў беларусаў пра гэта не спытаў.
Чаму ў Гальшанах? Аляксей Комаў перакананы, што радзіма князя Даўмонта менавіта тут.
Падобна, ён крыху заблытаўся з радзімай князя, які праславіўся ўдзелам у забойстве князя Міндоўга, пасля чаго і ўцёк на Пскоўшчыну.
Паводле летапісаў, радзімай Даўмонта лічыцца старажытнабальцкае княства Нальшаны, якое месцілася ў тым ліку і на сённяшніх беларускіх землях, але да Гальшан дачынення не мае.
Акрамя таго, масквіч безапеляцыйна заявіў, што гальшанскі замак трэба адбудаваць цалкам, насуперак ужо зацверджанаму праекту, узяўшы за ўзор для пераймання пампезны палацавы комплекс у падмаскоўным Царыцыне.
І, што самае галоўнае, зрабіць усё гэта Комаў збіраецца, не зважаючы на беларускія навуковыя і рэстаўрацыйныя абмежаванні: «Нішто тут, ніякія, мне здаецца, археалагічныя або іншыя гісторыі, звязаныя з аб’ектам культурнай спадчыны, не павінны гэтаму перашкаджаць, бо галоўнае — гэта палітычная воля. А ў Беларусі яна ёсць».
Адным словам, запрошаны «кансультант» паводзіў сябе ў гасцях быццам у сябе дома. Застаецца ў такім выпадку нагадаць і Комаву, і тым, хто яго запрасіў да нас, што Беларусь — не Расія, як Гальшаны — не Царыцына.
Княжацкі род Гальшанскіх вядомы сваімі прадстаўнікамі ў вышэйшых уладных колах ВКЛ. Соф’я Гальшанская стала радоначальніцай дынастыі Ягелонаў, выйшаўшы замуж за Ягайлу. Двое яе сыноў сталі каралямі.
Дачка князя Сямёна Гальшанскага Таццяна стала жонкай князя Канстанціна Астрожскага. Тога самага, які ўладкаваў маскавітам крывавую лазню пад Оршай.
Пазней Гальшанамі валодалі іншыя магнацкія роды ВКЛ, напрыклад, Сапегі. Іншымі словамі, маскоўскім духам тут і блізка не пахла.
У Гальшанах першым пабудавалі каталіцкі храм, праз дзесяцігоддзі — праваслаўны. Быў тут і кальвінскі збор. Як, дарэчы, і ва многіх іншых мясцінах на беларускіх землях у тыя часы, калі нашыя продкі пайшлі заходнім шляхам развіцця. У адрозненне ад усходніх суседзяў, якія сёння настойліва запісваюць нас у браты.
Так, дарэчы, першы замак у Гальшанах, калі верыць летапісам, мог з’явіцца на паўтысячы гадоў раней, чым імперская бутафорыя ў Царыцыне.
Дайшоўшы да нашых дзён палацава-замкавы комплекс (дакладней — тое, што ад яго засталося) быў узведзены ў першай палове XVII стагоддзя з характэрнымі рысамі галандска-фламандскай архітэктурнай школы.
І напрыканцы яшчэ адзін важны момант. У Мінску маскоўскі архітэктар цытаваў словы Пуціна пра тое, што межы Расіі нідзе не заканчваюцца.
Тым, хто запрашае ў Беларусь падобных персанажаў, не варта забывацца, што пуцінская формула найлепш працуе ў тых выпадках, калі рускаму свету вароты адчыняюць самі.
Андрэй Кныш, «Салідарнасць»