На запраўках у Санкт-Пецярбургу знік бензін
- 29.11.2026, 14:38
Чаргі на АЗС таксама ўзніклі ў Маскве, Екацярынбургу, Саратаве і Саранску.
Жыхары расійскага Санкт-Пецярбурга скардзяцца на адсутнасць бензіну на АЗС. Месяц таму мясцовыя ўлады вярнулі ліміты на паліва, паведамляе мясцовае выданне «Фонтанка».
Па словах мясцовых жыхароў, паліва можна знайсці толькі на асобных запраўках «Газпрама» і «Раснафты», тады як на АЗС «Лукойла» адпускаюць толькі дызель.
Жыхары горада таксама скардзяцца, што інфармацыя на «Яндэкс Картах» уводзіць вадзіцеляў у зман: сэрвіс няправільна адлюстроўвае наяўнасць бензіну на запраўках.
У пачатку лістапада ўлады Пецярбурга вярнулі ліміты на паліва. Жыхарам забаранілі запраўляць больш за 30 літраў бензіну АІ-92 і АІ-95 і 50 літраў дызельнага паліва ў адны рукі. Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка парэкамендаваў паліўным кампаніям увесці аналагічныя абмежаванні.
Як піша Telegram-канал Exilenova+, чаргі на АЗС таксама ўзніклі ў Маскве, Екацярынбургу, Саратаве і Саранску.
Наступствы удараў Украіны па расійскіх НПЗ
24 лістапада расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заклікаў кампаніі актыўней развіваць нафтаперапрацоўчыя заводы на Далёкім Усходзе і ў Сібіры пасля таго, як украінскія беспілотнікі паразілі практычна ўсе буйныя НПЗ у еўрапейскай і цэнтральнай частках краіны.
Ён таксама паскардзіўся на ўкраінскія ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцях — «нягледзячы на заклік і прамую просьбу прэзідэнта ЗША гэтага не рабіць».
Выданне The Moscow Times пісала, што з пачатку 2026 года ўкраінскія беспілотнікі больш як 110 разоў атакавалі расійскія НПЗ. Толькі асобныя прадпрыемствы ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе апынуліся недасяжнымі для дронаў.
У выніку апошняй, лістападаўскай серыі налётаў 16 нафтаперапрацоўчых заводаў у еўрапейскай частцы Расіі і Сібіры атрымалі пашкоджанні і цалкам або часткова спынілі вытворчасць.
Паводле дадзеных агенцтва Reuters, у выніку атак украінскіх беспілотнікаў у лістападзе аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў РФ скараціліся амаль удвая.