BE RU EN

«Каму і на што ідуць гэтыя грошы?»

  • 29.11.2026, 14:42

Беларусы задаюцца пытаннем, куды трацяць сабраныя падаткі на сабак.

З 1 ліпеня 2026 года падатак на сабак у Беларусі пачалі ўключаць у квітанцыі за жыллёва-камунальныя паслугі, а ў Мінску паабяцалі знаходзіць нават незарэгістраваных гадаванцаў. «Каму і на што ідуць гэтыя грошы?» — запыталася карыстальніца Threads. Судзячы па абмеркаванні, інфраструктуру для выгулу жывёл пакуль складана назваць зручнай, піша «Зеркало».

«Сабачнікі РБ, я адна не разумею, за што я плачу падатак за сабаку? Каму і на што ідуць гэтыя грошы? Крык душы. Калі ў Мінску хоць нейкія пляцоўкі для выгулу ёсць, то ў Брэсце іх увогуле няма. На кожным куце шыльда «Выгул забаронены». Лячыць, карміць, вучыць, апранаць і гэтак далей — усім гэтым займаюцца ўладальнікі. За што падатак?» — пацікавілася карыстальніца Threads Ксенія.

У абмеркаванні ў Threads іншыя ўладальнікі сабак падзяліліся сітуацыяй з пляцоўкамі для выгулу ў сваіх гарадах.

«Дзе вы ў Мінску бачылі пляцоўкі для сабак? Мікра-мізэрныя месцы ў аддаленым месцы, можа, 50 на 20, дзе адначасова пара сабак можа гуляць. Спрабавала дайсці. Пакуль дойдзіш — атрымаеш ад мінакоў рэплікі. А на пляцоўцы ўжо ёсць сабачнік — пара. І цябе гоняць, бо пляцоўка занятая. Ніяк няма пляцовак. А мяне нядаўна гналі з суседняга двара кошатніцы. Бо іх бяздомныя коцікі баяцца маіх зарэгістраваных сабак», — напісала ананімная карыстальніца.

«У Гомелі такая ж сітуацыя з пляцоўкамі, у мяне ў раёне дзве пляцоўкі, дзве — у васьмі прыпынках ад мяне, мне з той-цер'ерам туды трэба двойчы на дзень ездзіць на грамадскім транспарце? І гуляць там з вялікімі сабакамі? І ўсюды шыльды пра забарону выгулу», — расказала Алена.

«У Магілёве яшчэ горш абстаяць справы. Пад мостам стаіць шыльда «выгул сабак», там ходзяць людзі, ніякай агароджы. Але па паперах жа пляцоўка. Другая такая — лапік зямлі паміж дарогай і прыватнымі дамамі. Ніякай агароджы, да таго ж траву скасілі толькі ў жніўні», — адзначыла Галіна.

«Ля дома зрабілі месца для выгулу, але якое. Пакосілі траву, пакінулі пянькі ад дрэў, і ўся паверхня няроўная, сабаку не тое што пабегаць, хадзіць нязручна будзе. Не агарадзілі, проста з'явілася шыльда. <�…> Усім трэба завесці сабе белага шпіца, каб гэтую праблему пачалі вырашаць, астатнія сабакі, відаць, добрага стаўлення да сябе не заслугоўваюць. У Брэсце ведаю дзве нармальныя пляцоўкі, пра трэцюю дзесьці ў раёне вакзала наслуханая, але таксама наслуханая пра разбітае шкло, якое там знаходзілі», — дапаўніла ананімная ўдзельніца абмеркавання.

«Каб дабрацца да пляцоўкі, трэба ехаць на транспарце, у які з сабакам нельга»

Афіцыйна ў Мінску ёсць больш за 80 месцаў для выгулу хатніх жывёл. Праўда, дабірацца да іх зручна не ўсім.

«Пра пляцоўкі ў Мінску — ну проста насмяшылі! Калі і ёсць, то туды ісці паўгадзіны бадзёрым крокам у лепшым выпадку. Ці на таксі ехаць, калі сабака не якісьці ёрык», — напісала Ала.

«У нас ёсць за пяць прыпынкаў ад дома. Уяўляеце прагулку з 3-кілаграмовай чыхуахуа а 5-й раніцы на гэтай пляцоўцы? Я вось слаба ўяўляю», — дадала Наталля.

«І як растлумачыць сабаку, што пісаць можна праз 2 км на пляцоўцы?» — пажартавала Юлія.

«Каб дабрацца да пляцоўкі, трэба ехаць на транспарце, у які з сабакам нельга…» — адзначыла Яна.

Адна з карыстальніц абурылася тым, што падатак афіцыйна ідзе ў тым ліку на адлоў бяздомных жывёл.

«Больш скажу — я забіраю сабак з вуліцы, каб уратаваць ад адлову, а пішуць, што падаткі за сабак ідуць на кантроль колькасці і адлоў жывёл — працу камунальных службаў па адлове і ўтрыманні бязнадзорных жывёл! То-бок я яшчэ і аплачваю іх працу!» — падзялілася Ірына.

Што гэта за падатак

Падатак на сабак у Беларусі існуе шмат гадоў, але цяпер чыноўнікі больш актыўна ўзяліся за тых, хто павінен яго ўносіць.

З 1 ліпеня 2026 года падатак на гадаванца пачалі ўказваць у квітанцыях за жыллёва-камунальныя паслугі, у Мінску камунальныя службы абяцалі выяўляць нават «незарэгістраваных» сабак паводле інфармацыі з ветэрынарных клінік, пунктаў часовага ўтрымання і гатэляў для жывёл.

Паводле дзеючых правілаў утрымання хатніх жывёл уладальнікі сабак абавязаны рэгістраваць гадаванцаў у раённай адміністрацыі па месцы жыхарства — цягам трох дзён з моманту набыцця. Працэдура бясплатная, праводзіцца ў дзень падачы заявы. Пасля рэгістрацыі гаспадар атрымлівае жэтон і пасведчанне на жывёлу.

У Мінску стаўка падатку складае 11,10 рубля ў квартал за адну сабаку незалежна ад пароды. У іншых рэгіёнах базавая стаўка — 14 рублёў, а за сабак патэнцыйна небяспечных парод — 67 рублёў, але мясцовыя ўлады могуць змяншаць гэтыя стаўкі. Ад падатку вызвалены інваліды ўсіх груп, уладальнікі сабак-павадыроў, адзінока пражываючыя пенсіянеры, шматдзетныя сем’і, а таксама жыхары прыватнага сектара.

Апошнія навіны