BE RU EN

Танкер расійскага «ценявога флоту» сеў на мелю ля ўзбярэжжа Балгарыі

  • 29.11.2026, 18:05

Відэа.

Танкер Kairos, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і Вялікабрытаніі як судна расійскага «ценявога флоту», сеў на мелю паблізу балгарскага горада Созапаль у Бургаскай затоцы. Найбольш верагодна, прычынай стала пашкоджанне якара падчас моцнага шторму. Пра гэта паведаміла Міністэрства транспарту і сувязі Балгарыі 29 лістапада.

Па словах міністра транспарту Георгія Пеева, сітуацыю з суднам кругласутачна кантралююць Марская адміністрацыя і памежная паліцыя. Напярэдадні ўвечары пры губернатары Бургаскай вобласці стварылі аператыўны штаб для каардынацыі дзеянняў.

Міністр удакладніў, што танкер без грузу, пад баластам, мае падвойны корпус. Уцечкі паліва пакуль не зафіксавана. Кітайскія маракі, якія знаходзяцца на борце, у бяспецы.

З экіпажам падтрымліваецца пастаянная сувязь, а ў выпадку неабходнасці людзей эвакуююць, як толькі дазволяць умовы надвор'я. Балгарская марская адміністрацыя павінна выдаць кітайскаму ўладальніку судна прадпісанне з патрабаваннем на працягу 30 дзён адбуксіраваць танкер. Калі гэта не будзе зроблена, дзяржава прыме адпаведныя меры самастойна.

Пасля паляпшэння надвор'я, якое чакаецца напрыканцы тыдня, спецыялісты агледзяць судна і ўстановяць вакол яго бонавыя загараджэнні для прадухілення магчымога забруджвання мора. У Міністэрстве транспарту Балгарыі таксама паведамілі пра падрыхтоўку заканадаўчых змяненняў, якія павінны дазволіць дзяржаве аператыўней умешвацца ў падобныя сітуацыі.

Апошнія навіны