«Пагражаў пісталетам, кажу: зараз стрэлю»
- 29.11.2026, 18:46
Падазраваны ў аграбленні банка ў Магілёве расказаў, як усё было.
Раніцай 29 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра затрыманне таго, хто аграбіў банк у Магілёве. Ведамства апублікавала падрабязнасці ўжо пасля абеду. МУС паведамляе, што рабаўніком аказаўся 40-гадовы жыхар горада, які «дае прызнальныя паказанні». Сілавікі апублікавалі частку відэа яго допыту, які вёў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, перадае «Зеркало».
Сілавікі адзначаюць, што рабаўніка шукалі кругласутачна. Затрымалі яго, праўда, толькі праз некалькі сутак, 29 лістапада, з дапамогай спецпадраздзялення «Алмаз». Грошы, каля 8000 рублёў, вылучылі, а сам ён, паводле інфармацыі МУС, дае прызнальныя паказанні.
— Па асобе, я так разумею, сямейны, нармальна, гарэлку не піў, нічога? — спытаў міністр унутраных спраў падчас пасяджэння аперштаба.— Таварыш міністр, раней не судзіўся, трапляе ў спісы як іграман. Ёсць праблемы з гульнявой залежнасцю, — адзначыў адзін з сілавікоў.
— І колькі ён ужо гуляе? — удакладніў Кубракоў.
— На працягу мінімум чатырох гадоў.
— 20-га пайшоў першы раз. Прыйшоў да банка, пастаяў паўгадзіны, не наважыўся, развярнуўся, пайшоў назад. 25-га дайшоў — таксама пастаяў і таксама не змог, — расказаў на відэа мужчына з заблюраным тварам. — 26-га змог. Зайшоў, зачыніў уваходныя дзверы на шчэкалду. Пагражаў пісталетам. Кажу: зараз вось стрэлю, застрэлю. [Пасля] пад’ехаў да смеццевых бакаў, выкінуў вопратку. Я чакаў [затрымання], гэта было чакана. І сёння я ўжо зразумеў, што па мяне прыйшлі.
Таксама мужчына прызнаўся, што 100 рублёў паклаў на рахунак нейкага анлайн-казіно (яго назву ў відэа запікалі).
— Адразу ж зрабіў стаўку, так? З гэтых жа грошай? — удакладніў Кубракоў.— Ну так, — адказаў затрыманы.
— Выйграў? — спытаў міністр.
Мужчына адмоўна паківаў галавой.
Падчас пасяджэння «аператыўнага штаба» на чале з Іванам Кубраковым і яго намеснікам Генадзем Казакевічам сілавікі абмеркавалі, што з таго, што адбылося, «трэба зрабіць высновы».
— На жаль, гэта ўжо другое зухвалае разбойнае нападзенне ў Рэспубліцы Беларусь, таму, Генадзі Аркадзевіч, — звярнуўся да свайго намесніка Іван Кубракоў. — Трэба прадумаць тыя меры, каб людзі разумелі, што іх чакае за разбой — да 15 гадоў. Другі момант — унесці ў банкі прапановы, што датычыцца тэхнічнага абсталявання аддзяленняў банкаў, ювелірных крам і гэтак далей.
Нагадаем, разбойнае нападзенне на аддзяленне банка ў Магілёве было здзейснена 26 лістапада. Як паведамлялася, мужчына, «пагражаючы прадметам, падобным на пісталет», завалодаў грашыма ў эквіваленце каля васьмі тысяч рублёў. Пасля гэтага ён схаваўся з месца злачынства.
— Пасля спрацоўвання трывожнай кнопкі інфармацыя пра тое, што адбылося, і апісанне падазраванага былі неадкладна перададзеныя ўсім нарадам, — паведамляе МУС. — У рэгіёне ўводзіліся спецыяльныя планы. На месца здарэння накіроўваліся супрацоўнікі падраздзяленняў крымінальнай міліцыі цэнтральнага апарата МУС, байцы спецпадраздзяленняў. Створаны аператыўны штаб. Пошук зламысніка вёўся ў кругласутачным рэжыме на працягу некалькіх сутак.
Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 207 (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса, паведамлялі ў СК. Мужчыне пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.