BE RU EN

Канаду пазбавілі двух турніраў праз пазіцыю адносна беларускіх і расійскіх спартсоўцаў

  • 29.11.2026, 21:04

Спаборніцтвы перанеслі ў Мексіку.

Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту World Aquatics забрала ў Канады два этапы Кубка свету, якія мусілі прайсці ў Манрэалі на пачатку 2027 года. Так арганізацыя адрэагавала на заявы ўрада Канады пра тое, што беларускія і расійскія спартсоўцы змогуць уехаць у краіну толькі як нейтральныя атлеты, паведамляе канадскі тэлеканал CBC.

Рашэнне датычыцца двух турніраў. Першы этап Кубка свету па скачках у ваду ў лютым 2027 года перанеслі з Манрэаля ў Мексіку. Этап Кубка свету па артыстычным (раней яго называлі сінхронным) плаванні, запланаваны на красавік, пакуль проста прыбралі з календара спаборніцтваў. Новае месца для яго ў федэрацыі яшчэ вызначаюць.

У заяве, апублікаванай у суботу, у World Aquatics патлумачылі, што прынялі такое рашэнне пасля абмеркаванняў з усімі зацікаўленымі бакамі. Прычынай сталі нядаўнія словы ўладаў Канады: беларускіх і расійскіх спартсоўцаў не пусцяць у краіну на спаборніцтвы, калі яны не выступаюць як нейтральныя атлеты на ўмовах Канады.

— World Aquatics па-ранейшаму імкнецца да таго, каб міжнародныя спаборніцтвы былі інклюзіўнымі, даступнымі для ўсіх і свабоднымі ад палітычнага ўмяшання, — гаворыцца ў заяве федэрацыі.

Пры гэтым у арганізацыі падзякавалі канадскі бок за канструктыўны дыялог і адзначылі, што цэняць шматгадовае супрацоўніцтва з Канадаю. У World Aquatics разлічваюць, што ў будучыні яшчэ правядуць там свае турніры.

Нацыянальная федэрацыя скачкоў у ваду Канады не хавае засмучэння. У арганізацыі падкрэслілі, што прымаюць і рашэнне World Aquatics, і пазіцыю свайго ўрада, але паўплываць на сітуацыю не могуць.

Раней прэм'ер-міністр Канады Марк Карні заявіў, што беларускія і расійскія спартсоўцы не змогуць прадстаўляць свае краіны на канадскіх спаборніцтвах, пакуль працягваецца вайна ва Украіне. Палітыка спыталі, ці адмовяць у візах расійскім хакеістам, якія збіраліся на моладзевы чэмпіянат свету. Турнір неўзабаве пройдзе ў канадскіх гарадах Эдмантан і Рэд-Дыр (правінцыя Альберта).

— Расія і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, нічым не апраўданую, жудасную вайну ва Украіне. Пакуль гэта працягваецца, ні адзін з гэтых спартсоўцаў не будзе выступаць за сваю краіну ў Канадзе, — адказаў тады Карні.

Апошнія навіны