Самалёт з паплечнікамі Вучыча накіроўваўся ў Маскву, але яго развярнулі над Літвой
- 4.11.2026, 10:45
Палітыкаў вярнулі ў Бялград.
Самалёт, што ўвечары 3 лістапада вылецеў з аэрапорта імя Нікалы Тэслы ў Маскву, вярнуўся ў Бялград. Паводле партала Nova.rs, на борце знаходзіліся былы кіраўнік разведкі і былы міністр абароны Аляксандр Вулін, дырэктар «Сербіягаз» Душан Баятавіч і старшыня Сербскай народнай партыі Нэнад Паповіч.
Рэйс JU134 вылецеў а 18:48 і знаходзіўся на поўдні Літвы, калі пілотам быў аддадзены загад вярнуцца ў Бялград, меркавана з меркаванняў бяспекі.
Пазней з’явілася інфармацыя, што Аляксандр Вулін не прайшоў праверку бяспекі ў аэрапорце, але нехта «правёў» яго ў самалёт. Плануецца, што палёт у Маскву працягнецца пасля дэталёвага агляду самалёта і багажу, а таксама змены экіпажа.
Душан Баятавіч паведаміў тэлеканалу N1, што, пасля незапланаванага вяртання самалёта ў Бялград, быў праведзены пільны дагляд усіх пасажыраў і багажу. Хоць на борце самалёта таксама знаходзіліся Аляксандр Вулін і Нэнад Паповіч, Баятавіч кажа, што не ведае прычын іх паездкі, а сам ён ляцеў у РФ па справах.
«Я вельмі часта бываю ў Маскве, а ў Санкт-Пецярбургу яшчэ часцей. Я дырэктар кампаніі «Сербіягаз»... будзе зіма, нам спатрэбяцца дадатковыя аб’ёмы, і нам трэба дамовіцца пра некаторыя рэчы, што датычацца гнуткасці і плацяжоў. Бо справа з банкам ALTA перакрыла некаторыя каналы, у першую чаргу плацяжы ад расіян да нас… А чаму паехалі Паповіч і Вулін, я сапраўды не ведаю», — заявіў ён, адзначыўшы, што на борце самалёта ў Маскву было яшчэ 150 пасажыраў, пераважна — грамадзяне РФ.
Вулін таксама даў каментар. Ён заявіў, што вяртанне ў Бялград стала для яго сюрпрызам, бо ён спаў. Паводле яго слоў, ён ляцеў у Маскву не як турыст, а па справах. «Я еду туды, каб змагацца за падаўжэнне газавай дамовы. Не за сябе і не за вас, а за ўсіх грамадзянаў Сербіі», — паведаміў Вулін.