BE RU EN

Літоўскія памежнікі зноў выявілі радыеактыўныя прадукты з Беларусі

  • 4.11.2026, 21:17

На гэты раз — 20 тон чарніц.

Літоўскія памежнікі не прапусцілі ў краіну грузавік з 20 тонамі чарніц з Беларусі — падчас праверкі ў ягадах выявілі радыеактыўны цэзій-137, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Інцыдэнт адбыўся раннім ранкам 3 лістапада ў пункце пропуску «Шальчынінкай» («Беняконы» з беларускага боку). У Літву з Беларусі накіроўваўся грузавік DAF з літоўскімі нумарамі і паўпрычэпам Krone, зарэгістраваным у Эстоніі.

За рулём знаходзіўся 46-гадовы беларус, які мае часовы від на жыхарства ў Літве да кастрычніка 2027 года. Ён перавозіў 20 тон чарніц.

Калі грузавік праязджаў праз спецыяльныя датчыкі радыяцыйнага кантролю, абсталяванне зафіксавала падвышаны ўзровень выпраменьвання.

Памежнікі паўторна праверылі аўтамабіль пераноснай прыладай. Магутнасць дозы выпраменьвання склала 0,07 мікразіверта ў гадзіну. З дапамогай спецыяльнага абсталявання ўдалося ўстанавіць, што крыніцай выпраменьвання быў цэзій-137 — радыеактыўны ізатоп, які пры трапленні ў арганізм можа ўяўляць пагрозу для здароўя.

Пра вынікі праверкі паведамілі ў Цэнтр радыяцыйнай абароны Літвы. Яго спецыялісты парэкамендавалі не прапускаць груз, паколькі выяўленае радыеактыўнае забруджванне не адпавядае патрабаванням бяспекі для ўвозных харчовых прадуктаў.

Пасля афармлення неабходных дакументаў фуру з усімі 20 тонамі чарніц адправілі назад у Беларусь.

Нагадаем, некалькімі днямі раней літоўскія памежнікі разгарнулі яшчэ адзін грузавік з радыеактыўнай прадукцыяй з Беларусі. Познім вечарам 31 кастрычніка праз пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог» з беларускага боку) спрабавалі ўвезці 7128 кг свежых лісічак.

За рулём таксама знаходзіўся беларус — 36-гадовы мужчына з часовым відам на жыхарства ў Літве. Падчас праверкі грыбоў выявілі цэзій-137, а магутнасць дозы выпраменьвання склала 0,06 мікразіверта ў гадзіну.

Пасля кансультацыі з Цэнтрам радыяцыйнай абароны памежнікі вырашылі не прапускаць груз. Паколькі грыбы адносяцца да хуткапсавальных прадуктаў, канфіскоўваць іх не сталі. Фура з усімі лісічкамі вярнулася ў Беларусь.

Апошнія навіны