У Берліне знайшлі мёртвым міністра эканомікі Баварыі
- 5.11.2026, 8:15
Прычына на дадзены момант невядомая.
У сераду ўвечары 4 лістапада ў адным з гатэляў Берліна быў знойдзены мёртвым міністр эканомікі і намеснік прэм'ер-міністра Баварыі Губерт Айвангер. Прычына смерці палітыка пакуль невядомая.
Пра гэта паведамляюць Deutsche Welle, Tagesspiegel і Bild.
Як пішуць СМІ, Губерт Айвангер раніцай 4 лістапада меў выступіць з прамовай на адкрыцці офіса сваёй партыі «Вольныя выбарцы», аднак ён скасаваў сваё выступленне па стане здароўя, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь.
Вядома, што палітык знаходзіўся ў нумары гатэля Neuer Fritz, таму пасля яго знікнення ягоны нумар праверылі і ў выніку знайшлі Айвангера без прыкмет жыцця. Ён памёр ва ўзросце 55 гадоў.
Пасля здарэння паліцыя і пракуратура пачалі расследаванне, каб «устанавіць канкрэтную прычыну і абставіны смерці і выключыць магчымую гвалтоўную смерць».
Тым часам улады Берліна лічаць, што смерць палітыка звязаная з натуральнымі прычынамі.
«Раптоўная смерць Губерта Айвангера — сапраўдная трагедыя. Мы ўсе глыбока шакаваныя. Зараз нашы думкі перадусім з ягонай сям'ёй і дзецьмі», — напісаў прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зёдэр у сацсетцы X.