Памёр шасцігадовы хлопчык з Гродна, на лячэнне якога беларусы сабралі больш за 150 тысяч еўра
- 5.11.2026, 10:30
Дзіцяці дапамагаў фонд, які ліквідавалі ўлады.
Раніцай 3 лістапада памёр шасцігадовы Цімур Кузьміцкі з Гродна, які некалькі гадоў змагаўся з анкалагічным захворваннем. У 2024 годзе для хлопчыка сабралі больш за 150 тысяч еўра на лячэнне ў Германіі. Пасля аперацыі і хіміятэрапіі Цімур увайшоў у рэмісію, аднак восенню 2025 года хвароба вярнулася. Пра смерць хлопчыка паведамілі ў інстаграм-акаўнце Onkodeti, піша Hrodna.life.
«Сёння раніцай спынілася маленькае сэрцайка нашага Цімурчыка… Хлопчыка з неверагоднай усмешкай, за жыццё якога так доўга змагаліся. Да апошняга верылі, спадзяваліся і чакалі добрых навін. Цімурчык, мы назаўсёды запомнім цябе такім — светлым, добрым, з гэтай шчырай усмешкай», — гаворыцца ў публікацыі.
На лячэнне Цімура за тыдзень сабралі больш за 150 тысяч еўра
Цімур Кузьміцкі нарадзіўся 7 лістапада 2019 года. У сакавіку 2024 года, калі хлопчыку было чатыры гады, для яго абвясцілі тэрміновы збор на лячэнне ў універсітэцкай клініцы Ростака ў Германіі.
У Цімура дыягнаставалі злаякасную пухліну правай ныркі чацвёртай стадыі з метастазамі ў лёгкіх. Для аперацыі і наступнага лячэння патрабавалася 153 651 еўра. Сабраць грошы трэба было за кароткі час, і збор удалося закрыць. Бацькі тады дзякавалі ўсім, хто дапамог сям'і, і валанцёрам дабрачыннага фонду KinderVita.
У красавіку 2024 года Цімур прыехаў у Германію. Яму правялі складаную васьмігадзінную аперацыю па выдаленні пухліны і паражанай ныркі. Пасля гэтага хлопчык працягнуў лячэнне, у тым ліку праходзіў курсы хіміятэрапіі.
У сакавіку 2025 года лекары паведамілі сям'і пра рэмісію. Цімур ударыў у спецыяльны звон, якім у клініцы адзначаюць завяршэнне актыўнага лячэння.
Наступныя абследаванні таксама паказвалі добрыя вынікі. Аднак у кастрычніку 2025 года маці Цімура паведаміла, што ў сына зноў выявілі метастазы ў лёгкіх.
Хлопчыку прызначылі высокадазную хіміятэрапію. Лячэнне суправаджалася ўскладненнямі, у тым ліку трамбозам нагі.
У сакавіку 2026 года валанцёры паведамілі, што пасля чарговых курсаў хіміятэрапіі метастазы ў лёгкіх на абследаваннях не выяўлены. Аднак лекары працягвалі назіраць змены на МРТ галавы. Для далейшага лячэння планавалі трансплантацыю касцявога мозгу і прамянёвую тэрапію.
Пра наступныя этапы лячэння не паведамлялася — у гэты час беларускія ўлады ліквідавалі фонд, які дапамагаў хлопчыку і яго сям'і.
Цімуру дапамагаў фонд KinderVita, які ліквідавалі ў Беларусі
Цімур быў адным з падапечных дабрачыннага фонду KinderVita. Арганізацыя дапамагала дзецям з анкалагічнымі і іншымі цяжкімі захворваннямі: праводзіла зборы на лячэнне, купляла лекі і спецыяльнае харчаванне, падтрымлівала сем'і.
У сакавіку 2026 года беларускія ўлады ліквідавалі KinderVita. Рашэнне прыняло Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. Прадстаўнікі фонду не пагадзіліся з прэтэнзіямі ўладаў і заяўлялі, што арганізацыя працавала празрыста і рэгулярна публікавала фінансавыя справаздачы.
Пасля ліквідацыі каманда працягнула дапамагаць дзецям у новым фармаце. У ліпені валанцёры абвясцілі, што цяпер працуюць як рух «Мы побач».
«Мы па-ранейшаму побач з дзецьмі, якія праходзяць лячэнне ад анкалагічных захворванняў, і з іх сем'ямі», — распавядалі валанцёры.