CNN: Хегсету могуць абвясціць імпічмент ужо на наступным тыдні
- 5.11.2026, 15:53
За яго адстаўку гатовыя галасаваць і рэспубліканцы.
Палата прадстаўнікоў ЗША можа на наступным тыдні прагаласаваць за імпічмент кіраўніка Пентагона Піта Хегсета, паведамляе CNN.
Частка рэспубліканскіх заканадаўцаў і саюзнікаў партыі, занепакоеных разгромнай паразай на выбарах у Кангрэс, спрабуюць перакласці адказнасць за яе на міністра абароны. Паводле іх версіі, менавіта Хегсет адыграў ключавую ролю ў тым, каб пераканаць прэзідэнта Дональда Трампа нанесці ўдар па Іране, не маючы ні стратэгіі выхаду з канфлікту, ні плана на выпадак палітычных наступстваў.
Кангрэсмен-рэспубліканец ад Кентукі Томас Масі, адзін з самых паслядоўных крытыкаў Трампа ў сваёй партыі, расказаў CNN, што мае намер ініцыяваць галасаванне аб імпічменце Хегсета, калі Кангрэс вернецца да працы на наступным тыдні.
Некалькі крыніц у Рэспубліканскай партыі заявілі, што чакаюць падтрымкі гэтай ініцыятывы. Як расказалі CNN на ўмовах ананімнасці шэраг рэспубліканцаў, Хегсет актыўна выступаў за вайну і перабольшваў здольнасць ЗША хутка і лёгка дасягнуць перамогі.
Каб адхіліць міністра ад пасады, імпічмент павінен быць ухвалены і Сенатам: за гэта павінны прагаласаваць дзве траціны сенатараў.