Байцы ўкраінскіх ССО без аніводнага стрэлу ўзялі ў палон пераапранутага акупанта
- 5.11.2026, 16:57
Відэафакт.
Аператары 3-га атрада 4-га палка ССО «Рэйнджар» узялі ў палон без аніводнага стрэлу расійскага вайскоўца, пераапранутага ў украінскую форму. Пра гэта паведаміла прэс-служба палка.
«На адным з самых гарачых накірункаў фронту спецназаўцы выявілі пазіцыю ўзброенага расійскага салдата, апранутага ў украінскую форму. Ворага выдала пакінутае смецце — верагодна, ён рыхтаваўся да выхаду на баявое заданне. Пры сабе ў яго былі зброя, тры радыёстанцыі і наплечнік з правіянтам і экіпіроўкай», — распавялі ў палку.
Паводле даных вайскоўцаў, аператар з пазыўным «Машыніст» уступіў з ворагам у дыялог, цалкам дэзарыентаваў яго і пераканаў скласці зброю без бою.
Баец распавёў, што заўважыў расіяніна, які збіраўся ў лесе ўладкаваць «невялікі пікнік»: развёў вогнішча і намерваўся піць гарбату з цукеркамі. Нягледзячы на украінскую форму, «Машыніст» зразумеў, што перад ім вораг, у прыватнасці таму, што той не ведаў кодавога слова.
На відэа, апублікаваным палком, палонны кажа: «Узялі мяне прыгожа… Глядзеў мне проста ў вочы… Я так і выйшаў з той цукеркай…». Па яго словах, украінскі вайсковец спытаў, колькі дзён ён не піў і не еў. Расіянін прызнаў, што байцы ЗСУ паставіліся да яго па-людску: «Нашы так ніколі не пытаюцца».
Спачатку ён спрабаваў выдаць сябе за бедаку, які на вайне не зрабіў ніводнага стрэлу: маўляў, страляў толькі на вучэннях, а ў войска яго некалькі месяцаў таму прымусілі пайсці з турмы. Аднак падчас папярэдняга допыту высветлілася, што з 2023 года ён служыў у расійскай арміі. Пасля падпісання кантракту ўдзельнічаў у наступе ў Харкаўскай вобласці, затым выконваў задачы на іншых участках фронту.
У палку адзначылі, што дзякуючы паспяховай спецаперацыі абменны фонд папоўніўся яшчэ адным акупантам, а байцы 3-га атрада атрымалі ад палоннага каштоўную інфармацыю.