BE RU EN

Здымкі лёгкіх беларусаў цяпер правяраюць з дапамогай ШІ

  • 5.11.2026, 19:21

Чакаецца, што гэта дапаможа павысіць дакладнасць дыягностыкі.

З сярэдзіны 2026 года ў мінскіх паліклініках у тэставым рэжыме выкарыстоўваюць штучны інтэлект для аўтаматычнага аналізу флюараграфічных здымкаў лёгкіх.

Нейрасеткі дапамагаюць выяўляць нават нязначныя паталагічныя змены і апрацоўваць вялікую колькасць здымкаў за кароткі час, паведамілі ў Мінгарвыканкаме.

Фонавы памочнік

Дзякуючы новай методыцы аналіз аднаго здымка цяпер займае каля хвіліны. ШІ працуе ў фонавым рэжыме і дапамагае медыкам скараціць аб'ём руціннай працы пры расшыфроўцы вынікаў рэнтгеналагічных даследаванняў.

Як патлумачыў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч, большасць прафілактычных аглядаў не выяўляе адхіленняў ад нормы, таму галоўная задача нейрасетак — звяртаць увагу лекараў на магчымыя паталагічныя змены, якія патрабуюць дадатковай праверкі.

Пры гэтым штучны інтэлект выступае выключна ў ролі памочніка: канчатковае заключэнне і рашэнне прымае кваліфікаваны доктар. У перспектыве падобныя тэхналогіі плануюць упровадзіць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Чакаецца, што гэта дапаможа павысіць дакладнасць дыягностыкі і эфектыўнасць масавых абследаванняў.

А што з электроннымі медыцынскімі карткамі

Асобна на сустрэчы абмеркавалі лічбавізацыю аховы здароўя. Так, напрыклад, ужо алічбаваныя медыцынскія карты амаль паловы жыхароў Мінска.

Як расказаў Юрый Горбіч, цяпер стаіць задача да 2030 года давесці гэты ахоп да 100%.

На дадзены момант ажыццяўляецца ўкараненне інфармацыйнага комплексу «Клініка». Ва ўсіх установах аховы здароўя амбулаторна-паліклінічнага тыпу дзейнічае электронная рэгістратура.

Горбіч акцэнтаваў увагу на тым, што цэнтралізаваная інфармацыйная сістэма аховы здароўя з'яўляецца агульнадзяржаўным праектам. Яна складаецца з двух найважнейшых раздзелаў.

Першы ўяўляе сабой электронную медыцынскую карту пацыента. Гэты раздзел прызначаны для медыцынскага персаналу.

Другі рэалізаваны ў выглядзе асабістага кабінета пацыента на партале medportal.gov.by. Там можна праглядаць сваю электронную медыцынскую карту, вынікі аналізаў і выпісаныя рэцэпты анлайн. Паводле слоў чыноўнікаў, ён паступова папаўняецца.

Апошнія навіны