73% нямцаў разумеюць, чаму моладзь удзельнічае ў пратэстах
- 5.11.2026, 21:46
Апытанне.
Амаль тры чвэрці насельніцтва Германіі (73%) разумеюць, чаму моладзь, услед за равеснікамі з іншых краін Еўропы, выходзіць на пратэсты. 82% таксама лічаць, што інтарэсы моладзі дрэнна ўлічваюцца ўладамі. Пра гэта сведчаць дадзеныя кастрычніцкага апытання ARD-Deutschlandtrend, апублікаваныя ў чацвер, 5 лістапада. У даследаванні, праведзеным 2-4 лістапада, узялі ўдзел 1297 паўналетніх жыхароў Германіі, перадае DW.
Удзел у ўзгодненых дэманстрацыях лічаць прымальным 89% рэспандэнтаў. У той жа час перакрыцце вуліц і дарог у межах пратэсту могуць зразумець толькі 32%, часовы «захоп» школ, універсітэтаў і іншых устаноў пратэстоўцамі — 29%, а ўжыванне сілы на акцыях і псаванне маёмасці — 3%.
У цэлым пратэстамі моладзі незадаволены 22% грамадзян.
Пры гэтым 58% удзельнікаў апытання лічаць, што цяпер маладым людзям цяжэй дасягнуць дабрабыту, чым іх продкам. А з тым, што ўлады добра ўлічваюць запыты моладзі, згодныя толькі 13%.
Апытанне закранула яшчэ адну вострую для моладзі тэму — службу ў арміі. Даследаванне паказала, што 64% апытаных падтрымліваюць прынятае дзейным урадам новаўвядзенне, якое абавязвае ўсіх юнакоў, народжаных пасля 2008 года, запаўняць анкету пра гатоўнасць прайсці службу ва Узброеных сілах ФРГ, а 28% супраць гэтага.
Амаль трэць рэспандэнтаў (29%) палічылі б «вельмі добрым» або «добрым» урад зямлі Саксонія-Ангальт, сфармаваны крайне правай партыяй «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ), якая па выніках мясцовых выбараў на пачатку верасня атрымала найбольшую колькасць месцаў у ландтагу (рэгіянальным парламенце). «Дрэнным» і «не вельмі добрым» такі ўрад палічылі б 65% апытаных.
А 28% удзельнікаў апытання назвалі «вельмі добрым» або «добрым» Сенат Берліна (урад), сфармаваны найбуйнейшай палітычнай сілай у сталіцы — Левай партыяй — у кааліцыі з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (СДПГ) і «Саюзам 90/Зялёныя». У той жа час 62% такі ўрад не адобрылі б.
Рэйтынгі найбуйнейшых палітычных сіл у параўнанні з папярэднім месяцам практычна не змяніліся. Калі б выбары ў Бундэстаг адбыліся ў бліжэйшую нядзелю, за АдГ былі б гатовыя прагаласаваць 27% выбарцаў. Кіруючыя Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС) атрымалі б 21% галасоў. За «зялёных» гатовыя галасаваць 16%, за СДПГ — 13%, за Левую партыю — 11%, а за Свабодную дэмакратычную партыю (СвДП) — 3%. Астатнія партыі разам набіраюць каля 10%.
Работай Кабінета міністраў ФРГ засталіся задаволеныя 11% рэспандэнтаў, 87% выказалі незадаволенасць. Персанальна федэральным канцлерам Фрыдрыхам Мерцам задаволеныя 12% рэспандэнтаў — за месяц рэйтынг вырас на 2 працэнтныя пункты.