BE RU EN

У беларускім футболе адбылася масавая бойка

  • 5.11.2026, 22:14

Відэафакт.

У трэцім дывізіёне Беларусі па футболе завяршыліся чвэрцьфінальныя матчы. Пасля аднаго з іх прыстрасці так накаліліся, што перараслі ў масавую сутычку, паведамляе «Онлайнер».

Супрацьстаянне «Друці» і «МЛ Віцебск-2» атрымалася адным з самых роўных і напружаных чвэрцьфіналаў Другой лігі. У першым матчы клуб з Бялыніч атрымаў перамогу з лікам 2:1, потым паехаў у госці, але там не здолеў адстаяць перавагу — 0:3. Пасля фінальнага свістка адразу пачалася сутычка.

Вось іншы ракурс.

«Друць» у сваім тэлеграм-канале выклала сваю версію падзей, з чаго ўсё пачалося.

— Пасля фінальнага свістка, які зафіксаваў перамогу нашых супернікаў, гулец «МЛ Віцебск-2» Захар Рачкоўскі дазволіў сабе непаважлівае выказванне на адрас ФК «Друць». Дадзенае выказванне ў перакладзе на мову «культурнай сталіцы», прадстаўніком якой з'яўляецца віцебскі клуб, у вульгарнай мове можа выкарыстоўвацца як грубая абраза, прыніжальная ацэнка («быць горшым»), абазначэнне паразы або ненарматыўная лексіка. Падобны выпад у наш адрас не застаўся без рэакцыі гульца бялыніцкай каманды Данііла Кавалёва. Данііл з парушэннем патрабаванняў Дысцыплінарнага кодэкса пастаяў за гонар клуба і заслужыў не толькі, безумоўна, справядлівую чырвоную картку, але і маральную павагу ўсіх прыхільнікаў нашай каманды, многія з якіх у гэты момант хацелі апынуцца на яго месцы.

У выніку «Друць» не дабралася да паўфіналу, як і іншыя аматарскія клубы. Падаем агульны лік па выніках кожнага двухматчавага супрацьстаяння:

«Нёман-2» — «Крумкачы» — 4:2.

«Іслач-2» — «Дняпро» — 5:1.

«Друць» — «МЛ Віцебск-2» — 2:4.

«Масты» — «Віцебск-2» — 3:13.

Заўважым, што на наступны дзень пасля чвэрцьфіналу «Друць» гуляла ў фінале аматарскага Кубка рэгіёнаў і перамагла там сталічны ФСК «Энергетык» — 1:0.

Захар Рачкоўскі і Данііл Кавалёў атрымалі па тры матчы дыскваліфікацыі як зачыншчыкі. Акрамя таго, «МЛ Віцебск-2» аштрафаваны на пяць базавых велічыняў (225 рублёў).

Апошнія навіны