Сярод расійскіх шаманаў разгарэўся гучны скандал
- 6.11.2026, 4:29
У РФ хочуць прынесці ў ахвяру 60 вярблюдаў для перамогі ў вайне.
У Іркуцкай вобласці краіны-агрэсара РФ шаман Артур Цыбікаў абвясціў пра намер прынесці ў ахвяру 60 вярблюдаў, каб расійскія акупанты перамаглі ў вайне супраць Украіны. Пра планы правесці серыю ахвярапрынашэнняў ён расказаў выданню «Людзі Байкала», матэрыял апублікаваны 3 лістапада.
53-гадовы Цыбікаў узначальвае ангарскую арганізацыю «Вечна сіняе неба». Ён плануе пачаць так званы марафон у лістападзе 2026 года і цягам года прыносіць у ахвяру па пяць вярблюдаў штомесяц. Паводле слоў шамана, абрады нібыта павінны дапамагчы «прыбраць негатыў і ўсялякія праблемы» ў Расіі. У размове з журналістамі ён удакладніў, што хоча, каб «усё хутчэй скончылася перамогай» у вайне супраць Украіны.
Партал піша, што падобны абрад Цыбікаў ужо праводзіў у 2019 годзе. Тады ў Ангарску забілі пяць вярблюдаў, якіх прывезлі з Бураціі. Пасля гэтага жывёл расчлянілі, а іх рэшткі спалілі на рытуальным вогнішчы. Шаман тлумачыў, што ахвярапрынашэнне нібыта было неабходнае «для ўмацавання Расіі і яе народаў».
Тады абрад раскрытыкавалі абаронцы жывёл, актывісты і прадстаўнікі іншых шаманскіх арганізацый. У прыватнасці, у шаманскім цэнтры «Тэнгэры» ў Улан-Удэ заявілі, што вярблюд лічыцца ў бурятаў свяшчэннай жывёлай і яго не прыносяць у ахвяру. Расельгаснагляд аштрафаваў прадстаўнікоў арганізацыі Цыбікава на 3 тыс. руб. за парушэнне ветэрынарных правілаў пры перавозцы жывёл. Паліцыя не стала ўзбуджаць крымінальную справу аб жорсткім абыходжанні з жывёламі.
Цяперашняя ініцыятыва таксама выклікала абурэнне грамадскіх актывістаў. Пры гэтым прадстаўнікі шаманскай супольнасці асцерагаюцца публічна крытыкаваць Цыбікава. Адзін з бурятскіх шаманаў, які згадзіўся пагаварыць з выданнем ананімна, патлумачыў, што праціўнікі ініцыятывы баяцца быць палічанымі непатрыётамі.
«Хто супраць Артура — супраць Расіі. Пачнуць яго крытыкаваць — аўтаматычна стануць ворагамі народа», — заявіў суразмоўца.
Цыбікаў падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну з самага пачатку. Ён праводзіць абрады ў падтрымку расійскіх вайскоўцаў, выдае ім амулеты і чытае ахоўныя малітвы. У 2024 годзе шаман расказваў, што 17 удзельнікаў яго арганізацыі адправіліся на фронт — сярод іх мабілізаваныя, кантрактнікі і добраахвотнікі. Некаторыя з іх загінулі.
У той жа час тувінская шаманка Алефціна Сагаан-Оол выступіла супраць ідэі ахвярапрынашэнняў. Яна заявіла, што смерць жывёл не спыніць вайну і назвала ініцыятыву Цыбікава чужароднай традыцыйнаму шаманізму. Паводле яе слоў, у тувінскай і бурятскай традыцыях вярблюдаў не прыносяць у ахвяру.