Зяленскі: ЗША не прадаставілі Украіне $16 млрд, прадугледжаных папярэднімі дамоўленасцямі
- 6.11.2026, 5:44
Кіеў будзе дамагацца выдзялення гэтых сродкаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не атрымала 16 млрд долараў амерыканскай дапамогі, прадугледжаных папярэднімі дамоўленасцямі і рашэннямі. Паводле яго слоў, Кіеў павінен дамагацца выдзялення гэтых сродкаў.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы распавёў у інтэрв’ю ТСН.
«Трэба ўздымаць пытанне пра тое, што ў межах мінулых дамоўленасцяў і рашэнняў выдзяленне 16 мільярдаў было прыпынена і гэтыя сродкі не былі прадастаўленыя. Як бы там ні было — і мы ўдзячныя за ўсё, што было прадастаўлена, — але Украіна павінна змагацца як мінімум за гэтыя грошы», — сказаў ён. Прэзідэнт таксама адзначыў, што Украіна павінна наладзіць эфектыўны дыялог з новай палітычнай структурай ЗША і захаваць падтрымку абедзвюх амерыканскіх партый. Паводле яго слоў, з улікам пераразмеркавання палітычных сіл у Злучаных Штатах Кіеву неабходна правільна выбудаваць камунікацыю. Гэта, на думку Зяленскага, можа павялічыць шанцы Украіны на атрыманне дадатковай амерыканскай дапамогі. Раней Зяленскі выказаў надзею на ўзмацненне дапамогі Украіне з боку ЗША пасля перамогі дэмакратаў на прамежкавых выбарах.