Анатоль Ярмоленка патрапіў у скандал
- 6.11.2026, 14:53
Артыст стаў бізнес-партнёрам «кашалька» Лукашэнкі.
Народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамбля Анатоль Ярмоленка стаў саўладальнікам рэкламнай кампаніі «Трыо Медыя», піша «Бюро».
Яго бізнес-партнёр — Сяргей Цяцерын, блізкі сябар і адзін з «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі.
Анатолю Ярмоленку належыць 40,1% «Трыо Медыя», Сяргею Цяцерыну — 40%. Яшчэ 19,9% належаць зарэгістраванай на Кіпры кампаніі Abrima Enterprises LTD.
Ярмоленка ўвайшоў у склад удзельнікаў кампаніі 10 лістапада 2022 года. У гэты ж дзень са спісу ўладальнікаў выбыла яго дачка Вольга Мінец, якая валодала доляй у кампаніі з мая 2015 года.
Кампанія «Трыо Медыя» зарэгістраваная ў кастрычніку 2013 года. Яна з'яўляецца праваўладальнікам тэлеканала «ТНТ International» і эксклюзіўным прадаўцом рэкламы на тэлеканалах «ТНТ International», «ТВ-3 Беларусь» і «БелМузТВ».
Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 8,9 мільёна беларускіх рублёў, што на 11% больш, чым у папярэднім годзе. Чысты прыбытак дасягнуў 1,6 мільёна рублёў супраць 1,5 мільёна ў 2024 годзе.
Раней «Бюро» ў расследаванні «Беларускія ягады» распавядала пра іншую кампанію, звязаную з сям'ёй Ярмоленкі, — «Сябры Івент». Адна з саўладальніц — Наталля Ярмоленка (у дзявоцтве Садоўская), жонка ўнука Анатоля Ярмоленкі. Кампанія займаецца арганізацыяй выступаў беларускіх стэндап-камікаў на мінскай пляцоўцы Stand Up Comedy Hall.
У 2025 годзе выручка «Сябры Івент» склала 9,7 мільёна беларускіх рублёў, а чысты прыбытак — 1,04 мільёна рублёў.