Навукоўцы разгадалі код замка, які праляжаў на дне мора больш за 400 гадоў
- 6.11.2026, 15:03
Дапамагла камп'ютарная тамаграфія.
Даследчыкі Кардыфскага ўніверсітэта і Нацыянальнага музея Уэльса адкрылі латунны кодавы замок з англійскага гандлёвага карабля Ann Francis, які затануў ля берагоў Уэльса ў 1583 годзе. Чатырохлітарную камбінацыю ўдалося вызначыць з дапамогай камп'ютарнай тамаграфіі.
Як піша Phys.org, навукоўцы пабудавалі трохмерную мадэль унутранага механізму, не пашкодзіўшы старадаўні артэфакт. Аналіз размяшчэння дэталяў паказаў, што правільны код — ANCE. Пасля гэтага музейныя спецыялісты без цяжкасцей адкрылі замок.
Карабель затануў падчас моцнага шторму 28 снежня 1583 года, а яго груз некалькі стагоддзяў праляжаў пад слоем пяску. Асноўную частку знаходак, сярод якіх залатыя і сярэбраныя манеты, скарбашукальнікі выявілі ў перыяд з 1996 па 2017 год.
Даследчыкі мяркуюць, што замок мог замыкаць невялікую скрыню з каштоўнасцямі або дакументамі. Дзіўна, але механізм захаваўся настолькі добра, што літарныя кольцы паварочваліся нават праз чатыры стагоддзі пасля караблекрушэння.
Цяпер замок і іншыя прадметы з карабля можна ўбачыць у Нацыянальным музеі набярэжнай у Суонсі. Выстава будзе працаваць да верасня 2027 года.