Турцыя шантажуе «Газпром»
- 6.11.2026, 16:41
Анкара пагразіла скараціць закупы.
Анкара гатовая купляць у Расіі менш газу, калі Масква не знізіць цэны. Пра гэта 5 лістапада ў Стамбуле заявіў міністр энергетыкі і прыродных рэсурсаў Турцыі Алпарслан Байрактар, піша The Moscow Times.
Паводле яго слоў, пераарыентацыя на амерыканскі газ не звязаная з палітыкай, а тлумачыцца выключна цаной: расійскае паліва, па ацэнцы міністра, «надзвычай дарагое». Пры гэтым цалкам ад яго Турцыя адмаўляцца не плануе і будзе працягваць шукаць больш выгадныя ўмовы.
Доля Расіі ў імпарце газу Турцыі за два дзесяцігоддзі прыкметна знізілася: з 64% у 2006 годзе да прыблізна 37% на пачатку 2025-га. Як вынікае з разлікаў Reuters, у параўнанні з даваенным 2021 годам пастаўкі «Газпрома» ў краіну ўпалі амаль на 20%: з 26,3 да 21,2 млрд куб. м у 2025-м. На Азербайджан прыпадае каля 22% турэцкага імпарту, на ЗША амаль 16%. У 2025 годзе Турцыя закупіла 9,19 млрд куб. м амерыканскага звадкаванага газу, а таксама разлічвае на доўгатэрміновыя кантракты з Cheniere Energy і ExxonMobil.
Цэнавы кантраст паміж пакупнікамі расійскага трубаправоднага газу даволі заўважны. Паводле дадзеных Bloomberg, прагназуемая цана для Кітая ў 2026 годзе складае каля $258 за тысячу кубаметраў, тады як Турцыя і еўрапейскія краіны плацяць каля $420.
Для «Газпрома» сыход турэцкіх кліентаў стаў бы яшчэ адной стратай пасля страты большай часткі еўрапейскага рынку. У 2025 годзе яго пастаўкі ў Еўропу скараціліся да 18 млрд куб. м супраць 148,4 млрд у 2021-м, што стала мінімумам з сярэдзіны 1970-х гадоў. Не выключана, што ў 2027 годзе пастаўкі ў ЕС цалкам спыняцца з-за эмбарга.