BE RU EN

Беларусы губляюць яшчэ адзін еўрапейскі брэнд

  • 6.11.2026, 21:41

Нямецкі рытэйлер New Yorker ліквідуе сваю кампанію ў Беларусі

Нямецкі fashion-рытэйлер New Yorker, прысутны на рынку Беларусі з 2018 года, закрывае мясцовую кіруючую кампанію. Нямецкі бок, што яшчэ ў 2022-м трапіў у чорны спіс забароненых да продажу актываў, падаецца, вырашыў гэтую праблему «метадам гільяціны», піша Plan B.

Крамы New Yorker у Беларусі — у гандлёвых цэнтрах Мінска (пяць крам) і па адной у Гродне і Віцебску — працягваюць працаваць. Але ў Дзяржаўным рэестры плацельшчыкаў, які вядзе Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, з'явіўся запіс, што кампанія «Нью-Ёркер БЛР» знаходзіцца ў працэдуры ліквідацыі.

Атрад заўважыць страту байца?

Афіцыйных паведамленняў з гэтай нагоды ні галоўны, ні мясцовы офісы немцаў пакуль не рабілі. І калі New Yorker усё ж сыдзе з рынку, то прысутнасць еўрапейскіх інвестараў, якія самі інвестуюць у рознічны гандаль Беларусі, скараціцца да мінімуму. Застанецца менш за пяць. Патрэбная агаворка, бо да афіцыйнага растлумачэння існуе прамежкавы варыянт — перадача крам нейкаму франчайзі.

Да гэтага кастрычніка сетка New Yorker фармавала апошнія пяць значных рознічных праектаў, што належаць замежным уладальнікам брэндаў і кіруюцца наўпрост з Еўропы.

Па-першае, гэта крамы іспанскага рытэйлера Inditex. Улюбёныя беларусамі і, асабліва пасля таго як яны там закрыліся, расіянамі — Zara, Pull&Bear, Massimo Dutti, Bershka, Stradivarius, Oysho і Zara Home. New Yorker, дарэчы, у Расіі застаўся. Таму магчымы зваротны шопінг-трафік.

Па-другое, гэта фірмовыя крамы найбуйнейшага польскага fashion-холдынгу LPP. Гэта брэнды Reserved, Sinsay, House, Cropp, Mohito.

Па-трэцяе, «падвіслая» ў Беларусі адзінокая 100%-вая еўрапейская сетка ў харчовым сегменце. Гэта — літоўская «Марцін». Яе ў старыя добрыя часы прывялі сюды былыя акцыянеры Maxima Міндаўгас і Гінтарас Марцінкявічусы і далучыўся да іх уладальнік Norfa Дайнюс Дундуліс.

І, па-чацвёртае, дацкія абутковыя крамы Ecco.

Працэс пайшоў?

Насамрэч 2022 год, хоць і не так, як у Расіі, таксама адбіўся на рознічным рынку Беларусі.

З яго зніклі H&M, франчайзінгавыя крамы JYSK, Apple, SPAR і многія іншыя.

Чорны спіс і падатак на выхад з бізнесу, ужыты беларускімі ўладамі да «бунтароў», прыпынілі зыход. Многія, хоць і вымушана, заставаліся.

Але, здаецца, гэты працэс аднавіўся.

Пра свой выхад з беларускай DIY-сеткі «Ома», які ціхай сапай адбыўся яшчэ летась, нядаўна заявіў літоўскі рытэйлер Kesko Senukai.

«Пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне ў 2022 годзе мы спынілі любыя дзелавыя сувязі, ланцужкі паставак і супрацоўніцтва ў Беларусі. Гэта наша свядомае рашэнне, заснаванае на каштоўнасных прынцыпах. Працэс продажу акцый „Ома“, ініцыяваны неадкладна, з-за дзеянняў беларускіх уладаў быў завершаны толькі летась падпісаннем дагавора куплі-продажу акцый», — заявіла ў ліпені гэтага года прадстаўніца Kesko Senukai.

Ды і пра тыя ж крамы Ecco апошнім часам ходзіць трывожная для фанатаў брэнда інфармацыя пра магчымы дацкі «exit».

Апошнія навіны