Вогненая ноч у РФ: гараць НПЗ, завод і склады
- 7.11.2026, 8:59
Украінскія дроны і ракеты нанеслі масіраваныя ўдары.
Украіна нанесла новыя ўдары па тэрыторыі Расіі. У Саратаве беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод, а ў Арле пад ракетны ўдар трапіла прадпрыемства «Протон», якое працуе на расійскі ВПК. Тым часам у Роставе ўспыхнуў буйны пажар на складзе плошчай 8000 квадратных метраў, паведамляе Dialog.UA.
У Саратаве пасля атакі БПЛА ўспыхнуў НПЗ
У мясцовых пабліках з’явіліся кадры пажару. На відэа відаць моцнае зарыва і некалькі яркіх участкаў, падобных да асобных ачагоў узгарання. Якія менавіта ўстаноўкі пацярпелі і наколькі моцна пашкоджаны завод, пакуль невядома.
Саратаўскі НПЗ уваходзіць у структуру «Раснафты» і выпускае розныя віды паліва. Прыкметна, што напярэдадні расійскія Z-каналы пачалі абмяркоўваць новую тактыку Украіны пры ўдарах па НПЗ. Паводле іх версіі, украінскія беспілотнікі могуць атакаваць адразу некалькі аб’ектаў на тэрыторыі аднаго прадпрыемства. Незалежнага пацверджання гэтай версіі пакуль няма.
У Арле пад удар трапіў завод «Протон»
Паводле папярэдніх даных, пасля выбухаў на тэрыторыі прадпрыемства «Протон-Электратэкс» пачаўся пажар. Губернатар Арлоўскай вобласці Андрэй Клычкоў пацвердзіў пашкоджанне вытворчых памяшканняў аднаго з прадпрыемстваў у Савецкім раёне горада, але яго назву не ўдакладніў.
Паводле даных OSINT-аналітыкаў Telegram-канала «Украіна365», гаворка ідзе менавіта пра завод «Протон». Прадпрыемства выпускае электронныя кампаненты, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку ў расійскай вайсковай тэхніцы. Яго прадукцыю звязваюць з ракетнымі комплексамі «Іскандэр-М» і сістэмамі «Панцыр-С1». У расійскіх Telegram-каналах мяркуюць, што ўдар мог быць нанесены украінскімі ракетамі «Фламінга». Пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.
У Роставе гарыць склад плошчай 8000 квадратных метраў
Яшчэ адзін буйны пажар адбыўся ў Роставе-на-Доне. Паводле папярэдніх паведамленняў, на вуліцы Тупалева, 16А, загарэўся склад, дзе знаходзіліся маслы і палімерныя матэрыялы. Плошча пажару, як сцвярджаецца, дасягнула 8000 квадратных метраў. Агонь мог распаўсюдзіцца на суседнія будынкі. Інфармацыі пра тое, што ростаўскі склад быў атакаваны Украінай, няма. Прычыны ўзгарання высвятляюцца.
Сёмы расійскі НПЗ за тыдзень
Варта адзначыць, што Саратаўскі НПЗ стаў ужо сёмым расійскім нафтаперапрацоўчым заводам, пра атаку на які паведамлялася за апошні тыдзень, пачынаючы з 30 кастрычніка.
Раней пад удары беспілотнікаў, паводле паведамленняў маніторынгавых каналаў, траплялі: Афіпскі НПЗ у Краснадарскім краі; Разанскі НПЗ; Яраслаўскі НПЗ; Кстоўскі НПЗ у Ніжагародскай вобласці; НПЗ «Башнафта-Новойл» у Башкартастане; Новакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласці. У прыватнасці, 5 лістапада украінскія дроны атакавалі Разанскі НПЗ.
Тады ў горадзе прагучалі выбухі, а мясцовыя жыхары публікавалі кадры пажараў. Яшчэ раней сур’ёзны пажар адбыўся на Яраслаўскім НПЗ. Пасля атакі там налічылі не менш за шэсць ачагоў узгарання.
Расійскія Z-блогеры скардзіліся на няздольнасць СПА абараніць буйное нафтаперапрацоўчае прадпрыемства. Украіна працягвае атакаваць расійскую нафтаперапрацоўку і прадпрыемствы, звязаныя з вайсковай вытворчасцю. Наколькі сур’ёзнымі аказаліся наступствы апошніх удараў у Саратаве і Арле, стане вядома пасля з’яўлення дадатковых звестак.