BE RU EN

Уладальнікаў прыватных дамоў у Беларусі чакаюць новыя «сюрпрызы»

  • 7.11.2026, 11:59

Першыя з іх увядуць ужо ў гэтым годзе, астатнія — у 2027-м.

У Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы ўвядуць некалькі абмежаванняў для ўладальнікаў прыватных дамоў. «Зеркало» падрыхтавала падборку такіх змяненняў.

Карэкціроўкі па забудове

З 1 снежня гэтага года ўступаюць у сілу абноўленыя будаўнічыя нормы, якія рэгулююць размяшчэнне аб’ектаў на сумежных зямельных участках:

жылы дом — не менш за тры метры ад мяжы суседняга ўчастка;

гаспадарчая пабудова — не менш за два метры ад мяжы суседняга ўчастка.

Раней уладальнікі маглі ўзгадніць з суседзямі памяншэнне гэтых адлегласцей. Для гэтага патрабавалася атрымаць натарыяльна завераную згоду сумежнага землекарыстальніка.

З 1 снежня такой магчымасці больш не будзе. Выкананне ўстаноўленых адлегласцей стане абавязковым незалежна ад дамоўленасцей паміж уладальнікамі суседніх участкаў.

Навінка па садоўніцкіх таварыствах і дачах

У Беларусі з 7 снежня пашыраць абмен інфармацыяй пра ўладальнікаў зямельных участкаў і размешчаную на іх нерухомасць.

Так, з гэтай даты ўступіць у сілу пастанова Савета Міністраў № 531, якая ўсталёўвае парадак перадачы звестак аб аб’ектах, правы на якія не зарэгістраваны або не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

Найперш правілы закрануць садоўніцкія таварыствы, дачныя аб’яднанні і гаражныя кааператывы. Яны павінны будуць падаваць звесткі аб выкарыстаных зямельных участках і размешчаных на іх аб’ектах нерухомасці па афіцыйных запытах упаўнаважаных арганізацый. Гаворка, у тым ліку, пра садовыя домікі, дачы і гаражы, інфармацыя пра якія адсутнічае ў дзяржаўных рэгістрацыйных даных.

Чыноўнікі будуць атрымліваць такія звесткі:

адрас і плошча зямельнага ўчастка;

ПІБ уладальніка, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар і грамадзянства;

інфармацыя пра аб’екты нерухомасці, размешчаныя на ўчастку;

інвентарныя і іншыя ўліковыя нумары, калі яны маюцца;

звесткі пра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, калі яны з’яўляюцца праваўладальнікамі.

Інфармацыя будзе перадавацца праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументаабароту альбо па пісьмовым запыце. Тэрмін прадастаўлення звестак — не пазней за 10 рабочых дзён з дня атрымання афіцыйнага запыту.

Ліміт па вадаёмах на ўчастку

З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі ўвядуць абмежаванне па колькасці сажалак і іншых водных аб’ектаў, якія насельніцтву дазваляецца абсталяваць на сваіх зямельных участках. Ліміт — не больш за адзін такі аб’ект. Навінка прадугледжаная папраўкамі ў Водны кодэкс.

У гэтым дакуменце прапісалі, што «у межах зямельных участкаў, прадастаўленых фізічным асобам (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў), дапускаецца ўзвядзенне адной сажалкі-капані».

Пры гэтым узвядзенне іншых павярхоўных водных аб’ектаў забараняецца.

«Сажалкі-капані ўзводзяцца на адлегласці не менш як тры метры ад берагавой лініі, вызначанай па стане на летні перыяд, да межаў сумежнага зямельнага ўчастка і могуць займаць не больш за 5% ад усёй тэрыторыі зямельнага ўчастка», — прапісалі чыноўнікі ў Водным кодэксе.

Навінка па скідзе вады з лазні і прыбіральні

З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі таксама змяняюцца патрабаванні да каналізацыі ў прыватным сектары. Любы скід вады за межы ўчастка — хоць у кювет, ярок або ў лясную паласу — будзе забаронены.

Абноўленым Водным кодэксам насельніцтву забараняецца скідаць любыя сцёкавыя воды за межы ўласнага зямельнага ўчастка. Пад гэтае вызначэнне падпадаюць не толькі гаспадарча-бытавыя сцёкі (вада з прыбіральняў, лазняў, кухонных ракавін), але і дажджавая вада, талыя воды і любыя іншыя вадкасці.

Раней для многіх дачнікаў і жыхароў вёсак нормай было адвядзенне вады ў прыдарожныя кюветы, яры, за плот на суседнюю пустку або ў бліжэйшы вадаём. Цяпер такі падыход стане парушэннем. Кантрольныя органы атрымаюць законнае права патрабаваць ліквідацыі такіх скідаў, а ўладальнікам, хутчэй за ўсё, давядзецца даказваць, што іх сістэма каналізацыі цалкам аўтаномная і герметычная.

Апошнія навіны