Беларуская сям'я сабрала тры тысячы бананавых налепак
- 7.11.2026, 15:40
Захапленне прыйшло ў іх жыццё зусім выпадкова.
Памятаеце, як раней налепкі з бананаў амаль у кожнай постсавецкай кватэры ўпрыгожвалі шафы, дзверы і халадзільнікі? Хтосьці клеіў іх проста так, хтосьці імкнуўся сабраць як мага больш, але наўрад ці многія надавалі гэтым яскравым паперкам нейкую асаблівую каштоўнасць. Аднак цяпер, аказваецца, ёсць людзі, гатовыя нават купляць тую самую старую мэблю менавіта дзеля тых налепак. Яўген і Вольга, сямейная пара з Барысава, якраз з такіх. Прыблізна за чатыры гады сужэнцы сабралі каля 3 тыс. бананавых налепак з розных краін. Цяпер яны ведаюць, якія з іх лічацца рэдкімі, дзе шукаць экзэмпляры з мінулага стагоддзя і чаму дзеля каляровых папяровых кружочкаў часам даводзіцца два месяцы паліць пальцы фенам. Пазнаёміліся з беларускай сям'ёй фруксатытулафілаў — менавіта так называюць калекцыянераў бананавых налепак, піша «Онлайнер».
«Некаторыя налепкі старэйшыя за тыя часы, калі ў Савецкі Саюз упершыню завезлі бананы»
На пытанне пра сваю асноўную дзейнасць Яўген аджартоўваецца вядомым мемам: «Прадаю бананы, людзей… Жартую, не бананы». Але пацвярджае, што ні з пастаўкамі фруктаў, ні з друкам налепак, ні з дызайнам яго прафесія не звязаная. Якойсьці асабліва моцнай, з дзяцінства, любові да бананаў мужчына таксама не ўспамінае. Захапленне, у якое ён у пэўны момант уцягнуў і жонку, з'явілася ў яго жыцці цалкам выпадкова. Пры гэтым пачалося ўсё нават не з налепкі, а з паштоўкі.
— У нас была паштоўка з героямі мультфільма «Гравіці Фолз», на якую мы ў пэўны момант пачалі клеіць налепкі з бананаў. Яна спакойна ляжала, а калі з'язджалі з кватэры, звярнулі ўвагу, што яна і сама па сабе прыгожая, і з налепкамі выглядае цікава. Выкідваць стало шкада, забралі з сабой. Потым пачалі цікавіцца, якія наогул бываюць бананавыя налепкі. Высветлілася, што іх вельмі шмат розных, а яшчэ існуюць супольнасці калекцыянераў, цэлыя сайты з каталогамі, дзе можна паглядзець, адкуль налепка і якога яна года.
Адбылося гэта прыкладна тры—чатыры гады таму. Паступова налепкамі запоўніўся адзін альбом, потым другі, трэці. Сёння ў іх захоўваецца каля 3 тыс. экзэмпляраў. Для сістэматызацыі сужэнцы выкарыстоўваюць альбомы для манет: налепкі размяшчаюць па алфавіце, акуратна кладучы на чорныя папяровыя падкладкі.
Геаграфія калекцыі ахоплівае прыкладна два дзясяткі краін. Найперш гэта дзяржавы — галоўныя пастаўшчыкі бананаў на сусветны рынак: Эквадор, Калумбія, Коста-Рыка. Ёсць экзэмпляры з Еўропы, Азіі і рэдкія эксклюзіўныя з іншых рэгіёнаў. Найстарэйшыя налепкі адносяцца да 1970-х гадоў.
— Некаторыя налепкі старэйшыя за тыя часы, калі ў Савецкі Саюз упершыню завезлі бананы. Адна дзяўчына ў каментарыях пад фота калекцыі пісала, што, наогул-то, упершыню паспрабавала бананы ў 1990-х і была здзіўленая, што ў 1970-х яны ўжо дзесьці былі і нават з налепкамі.
Многія налепкі маюць уласную тэматыку. У калекцыі Яўгена і Вольгі сустракаюцца серыі, прысвечаныя святам, спорту, мультфільмам, серыялам і фільмам Marvel. Часам вытворцы выпускаюць спецыяльныя лакальныя налепкі: напрыклад, для расійскага Кірава калісьці замовілі серыю да 650-годдзя горада. Ёсць і экзэмпляр, прызначаны для мусульманскіх краін і прывязаны да Рамадана.
Увогуле, першымі клеіць фірмовыя налепкі на бананы яшчэ ў 1940-х пачалі кампаніі Fyffes і Chiquita. Другія неўзабаве пайшлі яшчэ далей і ператварылі звычайны брэндынг у сапраўдны арт. З 1960-х гадоў Chiquita рэгулярна выпускае новыя налепкі, прычым некаторыя ствараюцца ў калабарацыі з вядомымі мастакамі.
— Ёсць налепкі, якія нібыта аднолькавыя, але насамрэч адрозніваюцца. Можа быць іншая рамка, шрыфт або яшчэ нейкая драбяза. Вытворцы ў цэлым ужо даўно зразумелі, што налепкі сталі аб'ектам калекцыянавання, таму таксама імкнуцца разнастайваць іх, выпускаць цэлымі сетамі. Гэта можа быць проста серыя з рознымі персанажамі або, напрыклад, налепкі, якія можна сабраць як пазл — атрымаецца выява вялікага банана.
«Два месяцы аддзіралі налепкі з дапамогай фена і нажніц»
Пара прызнаецца, што збіраць налепкі ў Беларусі не так ужо і проста. Уся справа ў асартыменце бананаў: у крамы паступаюць плады ад адных і тых жа пастаўшчыкоў, а разам з імі — адны і тыя ж налепкі. Параўноўваць калекцыі таксама асабліва няма з кім: Яўген узгадвае ўсяго двух беларусаў — «калег» па захапленні: адну дзяўчыну з Мінска і яшчэ аднаго мужчыну.
Праўда, часам цікавыя экзэмпляры з'яўляюцца і ў нашых крамах. Аднойчы сужэнцы выпадкова знайшлі ў звычайным гіпермаркеце цэлую серыю, якую, паводле слоў іншых калекцыянераў, немагчыма было адшукаць нават у Еўропе.
— Мы адклеілі налепкі ад некалькіх грон бананаў, каб не скупіць усё. Напэўна, так рабіць нельга, вядома, але выхаду не было, — смяецца Вольга.
Асноўны спосаб папаўнення калекцыі — абмены з іншымі энтузіястамі з анлайн-супольнасцяў. Аднак самыя цікавыя знаходкі падкідваюць прадаўцы з барахолак. Міленіялы і тыя, хто старэйшы, дакладна засталі эпоху шафаў, камодаў і іншай савецкай мэблі, шчыльна абклеенай бананавымі налепкамі. Цяпер калекцыянеры шукаюць у тым ліку і такія прадметы, на якіх дзесяцігоддзямі маглі захоўвацца экзэмпляры, каштоўныя для фруксатытулафілаў.
Неяк Яўген купіў стары плакат з налепкамі, які вісеў у чыімсьці гаражы. За яго давялося аддаць 5000 расійскіх рублёў (каля 180 беларускіх). Пакупку ён абдумваў тры месяцы, пакуль у Вольгі не лопнула цярпенне і яна цвёрда не сказала: «Усё, бяры». Праўда, радасць ад набыцця хутка змянілася няпростай працай: плакат аказаўся цалкам зламінаваны скотчам, і налепкі давялося літаральна ратаваць.
— Мы, мабыць, месяцы два аддзіралі іх з дапамогай фена і нажніц. Пальцы апалілі. Смярдзела на ўсю кватэру гэтым пластікам, скотчам, клеем. Пазней высветлілася, што сам плакат быў аўтарства нейкага вядомага мастака і, магчыма, калісці ўяўляў пэўную каштоўнасць. Але праз налепкі ён яе страціў. А для нас якраз гэтыя налепкі мелі найвялікшую каштоўнасць.
Здарываліся і іншыя незвычайныя спосабы атрымання здабычы. Адзін мужчына, не драбязнячыся, адаслаў Яўгену і Вользе цэлую дзверцу ад шафы, абклееную бананавымі налепкамі. Хтосьці з калекцыянераў, што прапанавалі налепкі на абмен, распавёў, што знайшоў іх у старым ларку, які пусцілі пад знос.
Яшчэ ў супольнасцях калекцыянераў перыядычна з'яўляюцца людзі, якія працуюць непасрэдна ў друкарнях, дзе друкуюць бананавыя налепкі. Яны прадаюць налепкі, якія яшчэ не пабывалі на фруктах.
— Візуальна яны, можа, і выглядаюць прыгожа, але ніякай гісторыі за гэтым няма. Увогуле, можна лёгка і самому пайсці надрукаваць такія ж налепкі. Такое, дарэчы, таксама некаторыя практыкуюць, асабліва часта, чамусьці, у Індыі. Пры гэтым тыя індыйскія налепкі, якія выглядаюць неякаснымі, з большай верагоднасцю сапраўдныя. А калі занадта прыгожыя і акуратныя, дык, хутчэй за ўсё, не, — тлумачыць Яўген.
Адзін з самых жаданых трафеяў сярод фруксатытулафілаў — спецыяльная серыя, выпушчаная да маскоўскай Алімпіяды 1980 года. Пасля адмовы ЗША ад удзелу ў спаборніцтвах налепкі вымалі з абароту. Да крамаў разам з бананамі яны так і не дабраліся, а захаваныя экзэмпляры разышліся па калекцыях.
«Альбомы і файлы каштуюць даражэй»
Калекцыянеры ў асноўным менавіта абменьваюцца налепкамі, хаця за вялікія партыі часам гатовыя прапаноўваць даволі сур'ёзныя грошы. Яўген распавядае пра аднаго мужчыну, які прадаў 20 тыс. экзэмпляраў нейкаму іспанцу больш чым за €3 тыс.
— Але, як на мяне, яно таго зусім не варта. Сваю калекцыю я таксама не лічу нейкай асабліва каштоўнай. Тут альбомы і файлы каштуюць даражэй, чым самі налепкі.
Акрамя бананавых налепак, у сужэнцаў ёсць невялікая колькасць налепак ад іншых фруктаў. Некаторыя калекцыянеры збіраюць налепкі наогул з усіх пладоў, але Яўген і Вольга аддалі перавагу сканцэнтравацца на чымсьці адным, астатнія ж экзэмпляры трымаюць толькі як абменны фонд. Бывала, прыдаюцца і рэчы, якія наўпрост да фруксатытулафіліі не маюць дачынення. Так, неяк Яўген знайшоў на барахолцы эксклюзіўную банку Coca-Cola выпуску 1993 года — аддаў яе ў абмен на партыю налепак.
Дарэчы, у сужэнцаў ёсць яшчэ і невялікія калекцыі паштовак. Адна яны сабралі, дасылаючы сабе самім карткі з гарадоў, куды прыязджалі турыстамі. Другая, куды больш нішовая, складаецца з дарэвалюцыйных паштовак, якія хтосьці адаслаў у Мінскую губерню або, наадварот, адправіў кудысьці з яе. Паводле падлікаў Яўгена, такіх экспанатаў назапасілася 15—20 штук.
— Я калісьці спрабавала калекцыянаваць матрошкі, грабяні. Але мяне больш за ўсё раздражняе ўсё гэта сістэматызаваць, — кажа Вольга. — У выніку калекцыя нібыта ёсць, а нібыта і няма: проста прадметы ўсюды разкінутыя. А з бананавымі налепкамі мы з мужам добра скаардынаваліся: ён наразае квадратныя падкладкі, раскладае налепкі па альбомах і сочыць за парадкам. Я падпісваю, адкуль трапіў у калекцыю той ці іншы экзэмпляр.
Апошнім часам, праўда, новых паступленняў стала меней. На пытанне пра прычыны Яўген і Вольга з усмешкай ківаюць на дачку, што спіць побач у каляске. З з'яўленнем дзіцяці вольнага часу на перапіскі з калекцыянерамі і пошук рэдкіх экзэмпляраў стала прыкметна меней.
Але зусім закідаць захапленне сужэнцы не збіраюцца. Цяпер яны якраз спрабуюць адправіць канверт з налепкамі ў Японію, адкуль спадзяюцца атрымаць адказную пасылку.
— З Беларусі наўпрост гэтага зрабіць нельга. Пакуль пераслалі канверт нашаму сябру ў Расію, але і адтуль таксама не з усіх гарадоў можна адправіць у Японію. Спадзяёмся, усё дойдзе, і назад таксама. Японскія налепкі ўвогуле адрозніваюцца ад астатніх, было б цікава атрымаць такія ў сваю калекцыю.
Ніякіх глабальных планаў на калекцыю ў Яўгена і Вольгі няма. Яны не спрабуюць сабраць больш за ўсіх налепак у свеце (у найбуйнейшай вядомай калекцыі, паводле пары, іх каля 40 тыс.) або адшукаць абсалютна ўсе рэдкія экзэмпляры. «Проста збіраем, пакуль збіраецца», — кажуць сужэнцы.
Зараз пара робіць рамонт у новай кватэры. Пакуль там толькі голыя сцены і залітая падлога, але ўжо з'яўляюцца думкі пра асобную прастору для калекцыі.
— Можа, падумаем над тым, каб арганізаваць месца і для налепак, зрабіць які-небудзь шкляны стол з імі або кшталту таго. Ну або проста падаруем альбомы дачцэ — хай працягвае, калі будзе цікава, — усміхаецца Вольга.