BE RU EN

Палякі ратуюць герояў-паліцэйскіх з Кракава

  • 8.11.2026, 8:51

Адзін з іх, Якуб Кулік, — былы вайсковец паветрана-дэсантнай брыгады.

Сярод 16 параненых падчас страляніны ў Кракаве ёсць двое паліцэйскіх, якія гераічна затрымалі 24-гадовага выканаўцу нападу. Яны знаходзяцца ў бальніцы, іх стан цяжкі, паведамляе TVN24.

Як паведаміў у сацсетцы X прэм’ер Дональд Туск, паліцэйскія, параненыя пры затрыманні і абясшкоджванні 24-гадовага нападніка ў Кракаве, — гэта старшы паставы Якуб Кулік і старшы паставы Артур Мораньскі. Ён падкрэсліў, што яны «верагодна, выратавалі шмат чалавечых жыццяў, не зважаючы на рызыку для ўласнага жыцця». Запісы іх дзеянняў разышліся па інтэрнэце.

«Іх стан цяжкі, але яны пад вельмі добрым наглядам. Уся Польшча трымае за вас кулакі», — напісаў прэм’ер.

Акрамя паліцэйскіх, раненні атрымалі 14 чалавек (уключаючы нападніка), шасцёра загінулі. Яшчэ траіх знайшлі мёртвымі ў шматкватэрным доме у Астровцы-Свентакшыскім, дзе жыў малады мужчына.

– Што да стану двух паліцэйскіх, абодва паранены: у аднаго — адно агнястрэльнае раненне. Лекары паведамляюць, што на дадзены момант яго жыццю нічога не пагражае. Стан другога паліцэйскага вельмі, вельмі цяжкі. Тры агнястрэльныя раненні, лекары працягваюць працу, – заявіў у суботу кіраўнік МУС Марцін Кервіньскі.

Міністр юстыцыі Вальдэмар Журэк напісаў уначы з суботы на нядзелю ў сацсетцы X, што старшы паставы Якуб Кулік з пашкоджаным лёгкім «змагаецца за жыццё» і мае патрэбу ў крыві.

– Патрэбна кроў групы AB Rh+. Прашу кожнага, хто можа дапамагчы, звяртацца ў станцыі пералівання крыві па ўсёй Польшчы. Пры здачы крыві трэба выразна ўказаць, што яна прызначаная для Якуба Куліка, – заклікаў Журэк.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Бартош Гродэцкі у сваёй публікацыі ў X адзначыў, што «паліцэйскія праявілі выключную адвагу, спыніўшы нападніка», а таксама што «забеспячэнне ім і іх сем’ям усёй неабходнай дапамогі — абавязак дзяржавы».

Адзін з паліцэйскіх — былы вайсковец

6-я паветрана-дэсантная брыгада імя брыгаднага генерала Станіслава Сосабоўскага паведаміла, што старшы паставы Якуб Кулік — былы вайсковец іх часткі, які пасля службы ў войску ўступіў у шэрагі паліцыі. Брыгада таксама заклікала здаваць кроў.

Як паведаміла Добраахвотная пажарная ахова Лешчыны ў Бельска-Бялай у запісе на Facebook, Якуб Кулік таксама з’яўляецца сябрам іх дружыны.

Апошнія навіны