Мінчанка паскардзілася, што таксіст «жартам» прапаноўваў завезці яе ў лес
- 8.11.2026, 10:33
У службе таксі адрэагавалі.
Днямі мінчанка Антаніна з Мінска вярталася ад сяброўкі дадому на WB Taxi. Паводле слоў дзяўчыны, па дарозе вадзіцель «жартаваў», прапаноўваючы адвезці яе ў лес, а таксама на тусоўную Зыбіцкую. Дзяўчына спалохалася і папрасіла вярнуць яе на першы адрас, а пазней апісала тое, што адбывалася ў дарозе, у сваім Threads. У WB Taxi адрэагавалі, піша «Зеркало».
У допісе дзяўчына напісала, што «жартаваць» вадзіцель пачаў, як толькі яна села ў машыну. Адбылося гэта пасля таго, як падчас пасадкі мінчанка на ўсякі выпадак удакладніла адрас прызначэння. Хацела ўпэўніцца, што гэта яе таксі.
— На што мне прыходзіць адказ: «Не, у лес». Спачатку «спісала» [на тое], што, можа, у чалавека вясёлы настрой і ён так «пажартаваў», — апісвае тое, што адбывалася, Антаніна. — Мінула хвіліна-дзве, і тып кажа: «Дык можа, у лес усё ж цябе адвезці?», «А ў цябе там у раёне няма лесу?». І ўсё ў такім духу.
Паводле слоў пасажыркі, потым вадзіцель хацеў адвезці яе на Зыбіцкую і пастаянна дзіўна жартаваў.
— У нейкі момант бачу, што ён паехаў зусім па іншай дарозе, дзе нават паводле навігатара ў яго паказвала тупік. Але ён праігнараваў гэты факт і пачаў лаяцца сабе пад нос, — узгадвае яна.
Папрасіць мужчыну спыніць машыну дзяўчына баялася.
— Я настолькі ўжо дрыжала ад страху, што баялася нават слова сказаць, — прызналася ў допісе мінчанка, адзначыўшы, што перажывала, што пасля гэтай фразы стане яшчэ горш.
«Усё, што прыдумала» Антаніна ў той момант, — сказаць вадзіцелю, што пакінула рэчы ў сяброўкі, і папрасіць адвезці яе назад па адрасе, дзе садзілася.
— [У дарозе] я падыгрывала і хіхікала з яго жартаў, бо не ведала, як сябе з ім паводзіць, і сказаць лішняе слова было страшна. Дзякуй Богу, ён адвёз. Але па прыездзе ён мне «выкідвае»: «Дык давай я цябе пачакаю, табе трох хвілін хопіць рэчы забраць?» Я адказала: «Не ведаю», і проста вылецела з машыны, — расказвае яна. — Мяне трэсла так, як ніколі ў жыцці.
Паводле слоў дзяўчыны, выйшаўшы з машыны, яна расплакалася і напісала ў службу падтрымкі WB Taxi. Там, паводле яе слоў, ёй адказалі, што «трэба ўдакладніць інфармацыю ў калег». Пасажырка таксама звярнула ўвагу на тое, што ў дадатку сэрвісу адсутнічае кнопка бяспекі.
— Можа, ён (вадзіцель. — Заўв. рэд.) адчуў такую свабоду ў размове са мной? — задалася яна пытаннем у сваім допісе.
Менш чым за суткі яе допіс набраў у Threads больш за 120 тысяч праглядаў. У каментары прыйшлі і прадстаўнікі WB Taxi.
— Такія паводзіны вадзіцеля абсалютна недапушчальныя для нашага сэрвісу, — пракаментавалі сітуацыю з афіцыйнай старонкі WB Taxi ў Беларусі. —
Напісалі вам у прыватныя паведамленні, каб удакладніць неабходную інфармацыю для вырашэння вашага пытання.