BE RU EN

Беларусаў абурыў выступ папулярнага расійскага рок-гурта

  • 8.11.2026, 11:24

Гатуецца калектыўны пазоў, каб вярнуць грошы за квіткі.

У суботу, 7 лістапада, у Мінску адбыўся канцэрт расійскага рок-гурта «Тры дні дажджу». Выступам засталіся задаволеныя далёка не ўсе гледачы. У Threads людзі скардзіліся на затрымку шоу, гук. З'явілася прапанова нават скласці калектыўны пазоў, каб вярнуць грошы за квіткі, піша «Зеркало».

Канцэрт гурта «Тры дні дажджу» праходзіў у Палацы спорту. Заяўлялася, што артысты прэзентуюць свой новы альбом «У». Анансавалі, што «канцэрт стане магчымасцю пачуць любімыя кампазіцыі ў жывым выкананні і пазнаёміцца з новым матэрыялам калектыву». Аднак неўзабаве пасля шоу ў Threads пачалі з'яўляцца пасты слухачоў, у якіх узніклі пытанні да мерапрыемства. Некаторыя гледачы звярнулі ўвагу, што пачатак, які меўся адбыцца а 19.00, затрымалі прыкладна на гадзіну.

— Прыехалі ў 17.30, да 19.[00] спакойна чакалі. Ведалі, што ў яе (гурта. — Заўв. рэд.) свае «прыколы» з апазданнем на 10–15 хвілін. Але пачаць у 20 [гадзін] і скончыць у 21. Гэта проста жах! Асабліва шкада людзей, якія ехалі з іншых краін і гарадоў, — напісала ў сваім акаўнце @rrmrvv.

— Як вам затрымка на гадзіну і канцэрт замест заяўленых двух гадзін — крыху менш за гадзіну? — задалася пытаннем @viiik_niiik.

— Гэта быў найгоршы канцэрт за апошні час. Былі заяўлены дзве гадзіны канцэрта. У выніку [ён] доўжыўся толькі каля гадзіны. Затрымка — гадзіна. Пачатак быў заяўлены на 19.00, канцэрт пачаўся ў 19.54. У тэкст не трапляў, гук жахлівы, слоў не было чутна, суцэльныя басы. Культавыя яго песні пасля пракрычаў у мікрафон. Мда, жудасна… — лічыць @petruhinkot.

Увагу на «гук» звярнула і @tattoo.grafskaya.

— Мала таго, што канцэрт па «тэхнічных прычынах» затрымалі на гадзіну, людзі проста стаялі гадзіну ў чарзе і гадзіну ля сцэны. Дык яшчэ і гук як з забітых навушнікаў за 10 рублёў. Вельмі шкада выдаткаваных грошай. І сваіх вушэй. Людзі сыходзілі расчараванымі… — падзялілася назіраннямі дзяўчына.

@petruhinkot, якая два гады таму ўжо наведвала канцэрт гурта і была ў захапленні, адзначыла і тое, як канцэрт завяршыўся.

— Артыст сышоў са сцэны, нават не развітаўшыся з аўдыторыяй, — апісала свае назіранні яна. — Узаемадзеяння з залай амаль не было. Бас быў настолькі аглушальным, што музыка перабівала словы — нічога не зразумела.

Вось такі вось … канцэрт, сабачка! — напісала @ekaterina_levina1 і размясціла на сваёй старонцы відэа з выступу.

Відэа з канцэрта апублікаваў і карыстальнік @gleb_pravilo.

У каментарыях пачалі з'яўляцца паведамленні пра тое, што некаторыя хацелі б вярнуць грошы за квіткі.

Педагог музычна-развіваючых заняткаў Андрэй Генсер паведаміў на сваёй старонцы ў Threads пра жаданне падаць калектыўны пазоў наконт мерапрыемства.

— Гатуецца калектыўны пазоў, а таксама заява ў праваахоўныя органы з нагоды сарванага канцэрта, — напісаў ён. — Шмат хто збіраў грошы, ехаў з розных гарадоў, каб прачакаць гадзіну да пачатку канцэрта, а з заяўленых двух гадзін канцэрта атрымаць гадзіну «невыразнага» вакаліста + рэзка абарваны канцэрт без тлумачэння прычын. Усе, хто хоча вярнуць грошы за неаказаную паслугу, — напішыце мне ў прыват. Буду падаваць пазоў.

«Тры дні дажджу» — расійскі рок-гурт, які стварыў Глеб Віктараў. Сярод іх самых папулярных песень — «Демоны», «Отпускай», «Прощание». У праграме для праслухоўвання музыкі Spotify кампазіцыі гурта маюць дзясяткі мільёнаў праслухоўванняў. Да 7 лістапада 2026-га артысты ўжо давалі канцэрты ў Беларусі.

Апошнія навіны