У Лукашэнкі засталося часу да 3 студзеня
- 8.11.2026, 23:17
Захад чакае ад дыктатара жэсту добрай волі.
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі лічыць, што ў Лукашэнкі застаецца каля двух месяцаў, каб зрабіць прыкметны для ЗША жэст добрай волі.
Сутнасць гэтай здзелкі з ЗША ніхто, мабыць, уключаючы і самога Лукашэнку, не ведае, але ўсе пра яе гавораць, — разважае Махоўскі ў свежым выпуску «Аптымуму». — З боку Лукашэнкі патрабавалася толькі крыху менш упартасці, трошкі больш гнуткасці і больш рэалістычнае ўяўленне пра ўласнае геапалітычнае значэнне.
Але з пачаткам перамоўнага працэсу Лукашэнка вырашыў, што карта пайшла, што ад жыцця трэба браць усё — нават тое, чаго яму не даюць. Што разам з амерыканскім абкамам ён будзе круціць еўрапейскімі партнёрамі, як захоча. І што яму мала разбітага карыта — у сэнсе скасаваных амерыканскіх санкцый, — калі ў яго цэлы Трамп можа быць на пабегушках.
Паводле эканамічнага аглядальніка, замест таго каб рэальна ацаніць свае магчымасці і паспрабаваць дамовіцца, кіраўнік Беларусі «паспрабаваў утаймаваць Еўропу з дапамогай Трампа»:
Захапіў у палон польскага манаха, пачаў закідваць Вільнюскі аэрапорт кантрабандай, узяў у закладнікі літоўскія фуры. Не дзіва, што нават пры пасярэдніцтве Трампа плённы дыялог якосьці не заладзіўся.
А цяпер разлічваць на дапамогу Трампа ў ціску на еўрапейскіх палітыкаў увогуле не выпадае. Уся гэтая вялікая здзелка з амерыканцамі становіцца вельмі гіпатэтычнай канструкцыяй.
Справа нават не ў тым, што дэмакраты могуць аспрэчыць здзелкі Трампа з Лукашэнкам, хаця здзелкі Трампа з Пуціным яны ўжо пагражалі аспрэчыць. Пасля таго як новы склад Кангрэса пачне працаваць, Трампу і кангрэсменам будзе ўжо не да Лукашэнкі: у іх з’явяцца клопаты куды важнейшыя.
Праўда, у Лукашэнкі яшчэ ёсць час — прыкладна да 3 студзеня, калі новы склад Кангрэса прыступіць да працы.
Але за апошнія два месяцы Лукашэнку трэба паслаць такі сігнал, які здолее прабіцца праз інфармацыйны шум амерыканскіх выбараў, вайны ва Украіне і перакрытага Армузскага праліва. Хоць нейкі жэст добрай волі зрабіць.
Бо, калі не браць канспіралагічныя тэорыі, адзінае, да чаго ЗША праяўлялі цікавасць у Беларусі, — прынамсі тую, якую мы можам назіраць, а не тую, пра якую можам толькі здагадвацца, — гэта, як ні дзіўна, вызваленне беларускіх палітвязняў.
У Беларусі насамрэч няма ніякіх эканамічных узаемавыгадных праектаў, якімі яна магла б зацікавіць ЗША.