Працаўнік мінскага гіпермаркета знайшоў у вазку для пакупак $3500
- 9.11.2026, 12:23
Грошы ўдалося вярнуць, але гісторыя атрымала нечаканы паварот.
У Мінску працаўнік гіпермаркета знайшоў у вазку для пакупак забытае партманэ. У ім былі дакументы, банкаўскія і дысконтныя карткі, 1900 рублёў, $3516 і 300 расійскіх рублёў.
Мужчына не стаў перадаваць знаходку адміністрацыі крамы або міліцыі. Ён схаваў партманэ ў камеры захоўвання, а пасля змены забраў яго дадому, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Частку грошай мінчанін аддаў знаёмаму на захоўванне, астатнія пакінуў сабе. Неўзабаве да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Мужчына не адмаўляў, што забраў чужое партманэ.
У судзе сваёй віны ён не прызнаў. Ён сцвярджаў, што не збіраўся красці грошы.
Суд прызнаў 59-гадовага мужчыну вінаватым у крадзяжы ў буйным памеры. Яму прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф 2250 рублёў. Акрамя таго, мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.