BE RU EN

Расійскі дызель для ЗША затрымаўся ў Атлантыцы

  • 9.11.2026, 13:01

Танкер Agioi Fanendes запаволіўся і не прыйшоў у Нью-Ёрк.

Танкер Agioi Fanendes з расійскім дызельным палівам, апошні з судоў, якія працягваюць ісці ў бок ЗША, да ранку 9 лістапада амаль удвая запаволіўся ў параўнанні з канцом кастрычніка. Пра гэта сведчаць даныя сэрвісаў адсочвання судоў. У Нью-Ёрк, як першапачаткова чакалася, ён да 7 лістапада не прыбыў, а новы пункт прызначэння і дата прыбыцця невядомыя, паведамляе «Агентство».

Паводле Marine Traffic, раніцай у панядзелак танкер знаходзіўся ў Паўночнай Атлантыцы і ішоў на захад са хуткасцю 6–6,5 вузлоў (каля 12 км/г). 28 кастрычніка, паводле даных Trackir, ён рухаўся са хуткасцю 10,7 вузлаў (каля 20 км/г). Замест порта прызначэння Marine Traffic і VesselFinder паказваюць For Orders («чакае распараджэнняў»), а даты прыбыцця не пазначаюць. Тым часам 23 кастрычніка Reuters са спасылкай на даныя LSEG паведамляў, што судна ідзе ў Нью-Ёрк і павінна прыбыць 7 лістапада.

Што з астатнімі танкерамі

Як пісала 27 кастрычніка Financial Times, у бок ЗША з расійскіх партоў выйшлі тры танкеры: Agioi Fanendes, Talisman і Leruo. Разам яны везлі каля 140 тысяч тон паліва. Пазней Talisman змяніў курс, прайшоў Гібралтарскі пралів і пазначыў няпэўны пункт прызначэння, а Leruo змяніў амерыканскі маршрут на бразільскі, адзначыла «Агентство». Паводле апошніх даных, Talisman ідзе ў егіпецкі порт Эль-Дэхейла, куды павінен прыбыць а 12:00 па мясцовым часе (13:00 па Мінску). Leruo апошні раз перадаваў каардынаты амаль шэсць дзён таму.

Спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў у мінулы чацвер назваў паведамленні пра змену курса танкераў «фэйкам».

Супраціў у ЗША

Пасля заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра дызельную здзелку з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным яе раскрытыкавалі сенатары абедзвюх партый. 26 кастрычніка двухпартыйная група заканадаўцаў заклікала кіраўнікоў партавых адміністрацый Х'юстана, Корпус-Крысці, Боманта і Нью-Ёрка не спрыяць пастаўкам расійскага паліва і папярэдзіла пра магчымыя юрыдычныя наступствы. У ЗША па-ранейшаму дзейнічае закон 2022 года, які забараняе імпарт расійскіх нафтапрадуктаў, уключна з дызельным палівам.

2 лістапада губернатарка Нью-Джэрсі Мікі Шэрыл накіравала ліст аператарам партоў і тэрміналаў штата з заклікам не прымаць расійскае паліва. Яна папярэдзіла, што ўвоз расійскага дызеля можа пацягнуць грамадзянскую і крымінальную адказнасць, і паабяцала задзейнічаць супраць такіх паставак усе юрыдычныя і адміністрацыйныя меры, даступныя штату.

Пра дамоўленасць з Пуціным Трамп абвясціў 9 кастрычніка пасля тэлефоннай размовы з расійскім лідарам. У той жа дзень Мінфін ЗША часова дазволіў аперацыі з расійскім дызелем, якія раней былі забаронены амерыканскімі санкцыямі.

Апошнія навіны