BE RU EN

У тэрарыста, які расстраляў людзей у Кракаве, знайшлі дзве вінтоўкі і два пісталеты

  • 9.11.2026, 15:24

А таксама сотні патронаў.

Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслаў Новак паведаміў, што пры Міхале О., які расстраляў людзей у цэнтры Кракава, і ў ягоным аўтамабілі знайшлі чатыры адзінкі зброі і сотні патронаў. Пра гэта піша Onet.

Паводле слоў Новака, у машыне нападніка выявілі дзве вінтоўкі AR-15 і два пісталеты. «Побач з ім і ў аўтамабілі знойдзена некалькі сотняў адзінак боепрыпасаў, у тым ліку да гэтых вінтовак і пісталетаў. Гэта каля паўтысячы адзінак дадатковых боепрыпасаў, якія маглі быць выкарыстаныя», — сказаў ён.

Следчыя канфіскавалі вельмі шмат гільзаў. У Кракаве прагучала як мінімум некалькі дзесяткаў стрэлаў, магчыма нават некалькі сотняў. Дакладная колькасць стане вядомая пасля аналізу дакументацыі, якую на працягу выходных збіралі пракуроры і паліцыянты. У распараджэнні следства як мінімум чатыры мабільныя тэлефоны, знойдзеныя ў стралка і ў ягонай машыне, а таксама іншая электронная тэхніка. «Расследаванне, нягледзячы на смерць падазраванага, працягваецца», — падкрэсліў Новак.

Калі менавіта былі забітыя сваякі нападніка ў кватэры ў Астравец-Свентакшыскім, пракуратура пакуль дакладна сказаць не можа. «З вялікай верагоднасцю кожны з іх загінуў ад двух стрэлаў у вобласць галавы. Абставіны таксама сведчаць пра тое, што іх забілі ўначы. Гэта звязана з іх становішчам: напрыклад, бацька ляжаў у пасцелі, усе былі апранутыя так, як звычайна спяць. Аднак мы пакуль не ведаем, з якой зброі іх забілі», — паведаміў прадстаўнік пракуратуры. У гэтай кватэры знайшлі сем адзінак зброі. «Ён таксама забіў двух катоў у гэтай кватэры, па адным стрэле ў кожнага», — дадаў Новак.

Следчыя высвятляюць, што адбывалася з моманту, калі стралок пакінуў кватэру, да яго прыезду ў Кракаў. Паводле слоў Новака, казаць пра матывы, натхненне або ідэалогію катэгарычна яшчэ рана. «Пракуроры пабывалі ў ягонай кватэры. Адзін з пракурораў правёў там 13 гадзін. Там няма нічога настолькі відавочнага, пра што можна было б паведаміць, напрыклад, якой-небудзь яўнай сімволікі або кніг. Такіх рэчаў няма», — адзначыў ён.

З сімволікі ў пакоі на сцяне вісеў жоўты сцяг са змяёй. «Гэта так званы сцяг Гадсдэна. Гістарычны сцяг XVIII стагоддзя з ЗША. На ім выяўлена грымучая змяя на жоўтым фоне. Гэты сцяг, гэта сімволіка мае розныя значэнні, звязаныя са свабодай і паўстаннем супраць улады», — патлумачыў Новак, дадаўшы, што яго выкарыстоўваюць розныя групы, не абавязкова негатыўныя.

Нагадаем, у суботу, 7 лістапада, на цэнтральнай плошчы Рынак у Кракаве адбылася страляніна: вадзіцель аўтамабіля ўехаў на галоўную плошчу горада і адкрыў агонь. Вядома пра шасцярых загінулых і 15 параненых.

Апошнія навіны