Рост коштаў у Беларусі паскараецца чацвёрты месяц запар
- 9.11.2026, 18:19
Асобныя паслугі падаражэлі на 20–25%.
Чацвёрты месяц запар тэмпы росту гадавой інфляцыі ў Беларусі паскараюцца на 0,1%. Калі ў ліпені было 4,4%, то цяпер, у кастрычніку, — 4,7%.
Паводле даных Белстата, прадукты падаражэлі на 2,5% у гадавым вымярэнні. Найбольш — тытунь і цыгарэты (на 11%), а таксама рыба і морапрадукты (на 8,6%). Пры гэтым, як сцвярджае статыстычны камітэт, садавіна і арэхі патаннелі на 22% у параўнанні з кастрычнікам 2025 года, перадае «Белсат».
Нехарчовыя тавары падаражэлі за год на 4,4%. Сярод заўважных лідараў у гэтай катэгорыі — запісвальныя прылады (+38,4%), абсталяванне для апрацоўкі інфармацыі (+23,4%), змазачныя матэрыялы для аўтамабіляў (+20,5%).
Паслугі падаражэлі ў агульнай складанасці на 8,7%, аднак некаторыя — больш істотна. Напрыклад, тарыф на вываз смецця вырас на 25,1%, на каналізацыю — на 20,1%. Паштовыя і кур’ерскія паслугі падаражэлі на 21%, паслугі бібліятэк, музеяў і іншых аб’ектаў культуры — на 20,2%.