BE RU EN

У мінскай Чыжоўцы бабры абгрызлі дрэвы ўздоўж Свіслачы

  • 9.11.2026, 21:32

Фотафакт.

У мінскім мікрараёне Чыжоўка бабры абгрызлі дрэвы, якія растуць на беразе Свіслачы. Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя апублікаваў фатаграфіі «абгрызеных» дрэў і распавёў, што з гэтым можна зрабіць.

Тэлеграм-канал «Мінск. Галоўнае!», які таксама апублікаваў фатаграфіі дрэў, паведаміў, што гаворка ідзе пра ўчастак ад моста на вуліцы Галадзеда да МКАД, побач з трубаправодам і насупраць экасцежкі «Чырвоная Слабада».

«Як распавяла мясцовая жыхарка, „Зелянбуд“ пакуль прыбірае пашкоджаныя дрэвы, але не абараняе астатнія металічнай сеткай», — напісаў паблік.

У Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначылі, што абгрызаць дрэвы — базавы інстынкт баброў, неабходны для будаўніцтва хатак, стварэння плацін і нарыхтоўкі корму на зіму. А паяўленне гэтых грызуноў у Мінску — не рэдкасць, такія выпадкі фіксаваліся ў папярэднія гады ў розных раёнах, перадае «Зеркало».

«Закон і падзаконавыя акты прадугледжваюць некалькі эфектыўных метадаў вырашэння праблемы. Абарона насаджэнняў: дапускаецца ўладкаванне агароджаў, іншых прыстасаванняў і спецыяльных збудаванняў для абмежавання доступу дзікіх жывёл. Разбурэнне жылля: спецыяльна для рачнога бабра прадугледжаная асаблівая мера: рэгуляванне колькасці можа ажыццяўляцца шляхам разбурэння плацін, нор і хатак на ўчастках, дзе іх пасяленні не дапускаюцца. Гэта прымушае жывёл міграваць у больш прыдатныя месцы, не наносячы ім фізічнай шкоды. Із’ятце жывёл: адлоў або здабыча ўжываюцца толькі ў крайнім выпадку, калі іншыя спосабы немагчымыя або малаэфектыўныя», — паведамілі эколагі.

Апошнія навіны