Каллас адрэагавала на асвістванне Вэнса на Алімпіядзе ў Мілане
- 10.02.2026, 10:54
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі пракаментавала паводзіны публікі.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Каллас заявіла ў інтэрв'ю Euronews, што публіка на зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане прадэманстравала «еўрапейскі гонар», асвісцеўшы віцэ-прэзідэнта ЗША Джэя Дзі Вэнса.
Падчас адкрыцця Алімпіяды, якое праходзіла на стадыёне «Сан-Сіра» ў Мілане, Вэнс і ягоная жонка Уша былі сустрэтыя бурлівым асвістваннем і воклічамі, калі яны ненадоўга з'явіліся на гіганцкім экране, размахваючы сцягамі ЗША.
«Ну, я думаю, мы чулі шмат не надта прыемных слоў ад Злучаных Штатаў у адносінах да Еўропы. Вядома, наша публіка таксама мае свой гонар, еўрапейскі гонар. І гэта бачна», — сказала Каллас, калі яе папрасілі пракаментаваць эпізод з Вэнсам.
Нагадаем, летась Вэнс апынуўся ў цэнтры ўвагі праз сваю скандальную прамову на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, падчас якой ён пераважна крытыкаваў Еўрапейскі саюз.
Тады Вэнс сказаў, што, на думку ЗША, цяпер няма падстаў казаць пра супольнае бачанне дэмакратыі на абодвух берагах Атлантыкі.
Таксама ў сваёй прамове ў Мюнхене віцэ-прэзідэнт ЗША рэзка раскрытыкаваў ЕС за ягоны падыход да супрацьдзеяння прапагандзе, заявіўшы, што меры Еўропы абмяжоўваюць свабоду слова.