Сістэма падтрымкі маці ў Беларусі — гэта пастка беднасці
- Анастасія Гурына
- 10.02.2026, 11:07
Чаму беларускі адмаўляюцца нараджаць.
У Беларусі самы доўгі ў свеце водпуск па доглядзе за дзіцем — тры гады. У афіцыйнай рыторыцы гэты факт часта падаецца як надзвычай прывабная ўмова для нараджэння дзяцей у нашай краіне. Але на практыцы гэта стварае рызыкі для жанчыны.
У еўрапейскіх краінах, напрыклад, водпуск сапраўды значна карацейшы. Аднак у прапагандзе замоўчваецца той факт, што ва ўсіх сацыяльна-арыентаваных краінах Еўропы сем’і аж да паўналецця дзяцей атрымліваюць іншы від грашовай падтрымкі — дапамогі на дзяцей. Яны выплачваюцца ў Польшчы, Германіі, Францыі і іншых дзяржавах.
Найбольш шырокая падтрымка сем’яў з дзецьмі практыкуецца ў краінах Паўночнай Еўропы. Напрыклад, у Швецыі аплачваны дзяржавай водпуск па доглядзе за дзіцем доўжыцца амаль паўтара года (480 дзён). І дадаткова да яго дзіця з першага месяца жыцця атрымлівае дапамогу — яна выплачваецца ўсім дзецям да дасягнення 16 гадоў.
У Нарвегіі водпуск па доглядзе за дзіцем цягнецца крыху больш за год (49–59 тыдняў), дадаткова ўсе дзеці да 18 гадоў атрымліваюць штомесячную дапамогу. У Ісландыі бацькі знаходзяцца ў водпуску 1 год, штоквартальныя дапамогі дзеці атрымліваюць да 18 гадоў.
Як у Швецыі, так і ў Нарвегіі і Ісландыі медыцынская дапамога дзецям да іх паўналецця бясплатная. Таксама дзяржава кампенсуе бацькам платныя паслугі па доглядзе за дзіцем.
Пастка
У Беларусі ж, у адрозненне ад краін Паўночнай Еўропы, дапамогі на дзяцей старэйшых за тры гады адсутнічаюць (за выключэннем асобных уразлівых катэгорый). Адносна вялікія сумы выплат маці ў дэкрэтным водпуску закліканы стымуляваць жанчын нараджаць больш дзяцей. Адначасова яны маскіруюць праблемы, якія чакаюць маці ў больш аддаленай перспектыве.
Пасля таго як малодшаму дзіцяці спаўняецца тры гады, бацькі перастаюць атрымліваць якую-кольвечы падтрымку ад дзяржавы. І гэта стварае істотныя рызыкі для жанчын. Па-першае, вельмі доўгі дэкрэтны водпуск выключае жанчыну з рынка працы. Яна выходзіць на працу, адстаўшы ў сваім досведзе і кваліфікацыі, і часта не можа прэтэндаваць на высокі заробак.
Па-другое, вялікая рызыка, што жанчына застанецца без падтрымкі ад бацькі дзіцяці. Паводле звестак Белстата, у 2024 годзе на 10 заключаных шлюбаў прыходзілася 7,5 разводаў. Пры гэтым, відаць, праблема нявыплаты аліментаў у нашай краіне стаіць востра. Нядаўна Міністэрства юстыцыі паведаміла, што судовым выканаўцам за 2025 год удалося спагнаць з даўжнікоў па аліментах 390 млн рублёў. Колькі спагнаць не ўдалося, і колькі ўсяго даўжнікоў, на жаль, не паведамляецца.
Тут варта згадаць, што ў Швецыі і іншых краінах Паўночнай Еўропы, калі адзін з бацькоў пакідае сям’ю і не плаціць аліменты, другому з бацькоў недаатрыманую суму кампенсуе дзяржава. Такія ж выплаты атрымліваюць бацькі-адзіночкі.
Шлях да беднасці
У Беларусі пры рэалізацыі апісаных вышэй рызык жанчына з дзецьмі апынаецца ў складаным становішчы без якой-колвечы фінансавай дапамогі. Недзіўна, што ў нашай краіне сем’і з дзецьмі трапляюць за рысу беднасці часцей за любыя іншыя катэгорыі насельніцтва. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярод дамашніх гаспадарак без дзяцей маладзейшых за 18 гадоў практычна не сустракаецца крайняя беднасць, гэта значыць даходы ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму (усяго ў 1,1% выпадкаў). Тады як сярод сем’яў з дзецьмі бедных — 5,3%. А калі дзяцей трое і больш, то 18% такіх сем’яў аказваюцца за рысай беднасці.
Гэтай праблемы ўдалося б пазбегнуць або, прынамсі, яе змякчыць, калі б у Беларусі дапамога на дзіця выплачвалася на працягу ўсяго перыяду дзяцінства, а не толькі тры гады.
Наступствы
У 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася гістарычна мінімальная колькасць дзяцей — усяго 58,9 тысячы. Гэта ўдвая менш, чым было ў 2016 годзе. На адну жанчыну ў нашай краіне прыходзіцца 1,08 народжаных дзяцей. У краінах Паўночнай Еўропы гэты паказчык заўважна вышэйшы: 1,59 — у Ісландыі, 1,5 — у Даніі і 1,45 — у Швецыі.
Анастасія Гурына, «Белорусы и рынок»