Памёр вядомы адвакат Генрых Падва
- 10.02.2026, 12:24
Ён абараняў Высоцкага, Сахарава, Галкіна і Хадаркоўскага.
На 95-м годзе жыцця памёр адвакат Генрых Падва. Пра гэта ў панядзелак позна ўвечары паведаміў у сацсетках юрыст Максім Пашкоў.
РБК адзначае, што інфармацыю пра смерць Падвы выданню пацвердзілі ў Федэральнай палаце адвакатаў.
Генрых Падва нарадзіўся ў Маскве ў 1931 годзе. Прафесійную дзейнасць ён пачаў у Калінінскай абласной калегіі адвакатаў. Пазней быў віцэ-прэзідэнтам Саюза адвакатаў СССР, а затым Міжнароднага саюза адвакатаў.
Сярод кліентаў Падвы за дзесяцігоддзі працы былі буйныя прадпрымальнікі, грамадскія дзеячы, розныя кампаніі, СМІ. Ён быў, у прыватнасці, адвакатам сяброўкі Барыса Пастарнака Вольгі Івінскай і яе спадчыннікаў (у справе пра лёс архіва пісьменніка), барда і акцёра Уладзіміра Высоцкага, сям'і акадэміка Андрэя Сахарава. Сярод тых, чые інтарэсы абараняў Падва, былі таксама экс-кіраўнік ЮКОСа Міхаіл Хадаркоўскі, былы міністр абароны Анатоль Сердзюкоў, акцёр Уладзіслаў Галкін, крымінальны аўтарытэт Вячаслаў Іванькоў (Япончык), выданні «Коммерсант» і «Известия».
У 2017 годзе Генрых Падва абараняў бізнесмена Алішэра Усманава у справе супраць Аляксея Навальнага. У выніку суд абавязаў выдаліць з YouTube расследаванне «Ён вам не Дымон».
Падва быў сярод адвакатаў, чыя скарга ў 1999 годзе прывяла да ўвядзення ў Расіі рашэннем Канстытуцыйнага суда мараторыя на смяротнае пакаранне.