Адна з краін Еўропы пераходзіць на электронныя візы
- 10.02.2026, 13:25
Што гэта азначае для беларусаў?
Вялікабрытанія з 25 лютага ўводзіць электронныя візы. Што гэта азначае для беларусаў, расказала пасольства Злучанага Каралеўства ў Мінску, піша «Зеркало».
З гэтай даты замест візавай налепкі ў пашпарт падарожнікі будуць атрымліваць толькі электронную візу (eVisa) — гэта «лічбавы іміграцыйны статус».
Для падачы дакументаў заяўнікам трэба будзе наведаць візавы цэнтр толькі адзін раз для пацвярджэння асобы. Запаўненне анкеты анлайн і запіс на біяметрыю застаюцца ранейшымі.
Пашпарт заяўніку вяртаецца ў дзень візіту — паўторна прыходзіць па візавую налепку не патрабуецца.
Акрамя таго, спатрэбіцца стварыць уліковы запіс на сайце Упраўлення па візах і іміграцыі Вялікабрытаніі (UKVI), які дае анлайн-доступ да іміграцыйнага статусу.
Авіякампаніі, паромы, круізныя аператары і памежная служба Вялікабрытаніі будуць аўтаматычна правяраць права на ўезд праз лічбавыя сістэмы.
«Пашпарт, з якім вы падарожнічаеце, павінен быць карэктна прывязаны да ўліковага запісу UKVI», — адзначылі ў брытанскім пасольстве.
У дыпламатычным прадстаўніцтве адзначылі, што электронныя візы спрашчаюць і паскараюць працэс афармлення візы, а таксама дазваляюць атрымаць неабходную візавую інфармацыю ў любы час і з любога месца.
«Змены з'яўляюцца часткай больш шырокага пераходу Вялікабрытаніі на лічбавыя візы для ўсіх адпаведных катэгорый падарожнікаў», — дадалі ў брытанскім пасольстве.