BE RU EN

У Уладзівастоку дзясяткі тысяч людзей засталіся без святла і цяпла праз выбух на ТЭЦ

  • 10.02.2026, 14:23

Чыноўнікі высвятляюць прычыны НС.

Тысячы жыхароў сталіцы расійскага Прымор’я, Уладзівастока, засталіся без электра- і цеплазабеспячэння ў выніку пажару на ТЭЦ «Паўночная». 10 лютага «на тэрыторыі катэльні «Другая Рака», якая ўваходзіць у аб’яднаную катэльню «Паўночная», адбылося ўзгаранне трансфарматара», — паведамілі у Далёкаўсходняй генеруючай кампаніі (ДГК).

Паводле дадзеных Мінэнерга рэгіёна, пад адключэнні трапілі амаль 49 тысяч чалавек — жыхары 206 шматпавярховак і 131 прыватнага дома. У горадзе пераставалі працаваць святлафоры і касы ў крамах, а таксама цалкам адключалася святло ў гандлёвых цэнтрах і гіпермаркетах. У прыморскай пракуратуры пачалі праверку па факце НС: «Надзорнае ведамства дасць ацэнку выкананню патрабаванняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы пры эксплуатацыі трансфарматарнай падстанцыі».

Выданне Portofranko са спасылкай на падпісчыкаў мясцовых паблікаў піша, што людзі чулі выбухі: «Спачатку пачулі гук, нібы па асфальце цягнуць нешта цяжкае, металічнае. Выгледзелі ў акно, а там полымя і белае зарыва». У выніку здарэння на ТЭЦ больш за 14 тысяч жыхароў Уладзівастока таксама засталіся без цяпла і гарачай вады, паведамілі ў пракуратуры. Збоі закранулі больш за 73 шматкватэрныя дамы і сем навучальных устаноў на чатырох вуліцах. Акрамя таго, раніцай 8 лютага ў горадзе адбылося аварыйнае адключэнне водазабеспячэння, раней пра гэта паведамляла ведамства. Супрацоўнікі ўсталявалі, што без вады засталіся больш за 15 тысяч абанентаў. Для пацярпелых арганізавалі падвоз пітной вады, запэўнілі ў пракуратуры.

У мэрыі Уладзівастока ў аўторак паведамілі пра аднаўленне электразабеспячэння на сетках ДГК у Савецкім раёне горада. Чыноўнікі заявілі, што высвятляюць прычыны НС. У МНС Прымор’я, у сваю чаргу, адрапартавалі пра ліквідацыю ўзгарання на цепластанцыі. А 16:48 па мясцовым часе атрымалася «падключыць усіх спажыўцоў», паведамілі ў Мінэнерга Прымор’я. Там дадалі, што спецыялісты вядуць работы па аднаўленні электразабеспячэння катэльні «Паўночная».

Пры гэтым мясцовыя жыхары паведамляюць пра выбуховы рост платы за ацяпленне. Па словах людзей, гэты радок у квітанцыях у студзені падаражэў на 40–100%.

Толькі за студзень 2026 года ў Расіі як мінімум 1280 разоў паведамлялася пра камунальныя аварыі. Гэта ўдвайа больш, чым год таму, падлічвала «Новая газета. Еўропа». Тым часам Мінбуд РФ заяўляў пра скарачэнне колькасці аварый у ЖКГ гэтай зімой на 19%.

Апошнія навіны