Адна з самых вядомых рок-гуртоў свету сыходзіць са сцэны
- 10.02.2026, 15:23
Тур The Long Goodbye стане апошнім.
Амерыканскі рок-гурт Eagles, які стварыў такія хіты, як Hotel California і Desperado, афіцыйна пацвердзіў, што заканчвае сваю больш як паўвекавую кар’еру.
У інтэрв’ю CBS Sunday Morning сузаснавальнік калектыву Дон Хэнлі сказаў, што 2026 год, верагодна, стане апошнім у гастрольнай гісторыі гурта.
Каментуючы фінальны этап тура The Long Goodbye, артыст адзначыў, што Eagles плануюць даць яшчэ некалькі канцэртаў, у прыватнасці завяршыць рэзідэнцыю ў Лас-Вегасе, пасля чаго канчаткова развітаюцца са сцэнай:
«Ведаеш, думаю, гэты год, верагодна, стане апошнім. Я і раней казаў штосьці падобнае, але цяпер адчуваю, што мы сапраўды набліжаемся да фіналу. І з гэтым таксама ўсё ў парадку».
Заснаваны ў 1971 годзе ў Лос-Анджэлесе рок-гурт Eagles стаў адным з самых паспяховых і ўплывовых калектываў у гісторыі папулярнай музыкі. Калектыў сфармавалі Глен Фрай, Дон Хэнлі, Берні Лідон і Рэндзі Мэйснер.
Eagles праславіліся ў 1970-х гадах дзякуючы спалучэнню рок-музыкі, кантры і фолку, а таксама складаным шматгалосным вакальным аранжыроўкам. Сусветную славу ім прынеслі хіты Take It Easy, Desperado, Hotel California, New Kid in Town, Life in the Fast Lane і Take It to the Limit. Альбом Their Greatest Hits (1971–1975) стаў самым прадаваным у гісторыі музыкі, разышоўшыся накладам больш за 40 мільёнаў копій толькі ў ЗША, а Hotel California лічыцца адной з ключавых пласцінак XX стагоддзя.
Нягледзячы на ўнутраныя канфлікты і распад у 1980 годзе, гурт аднавіўся ў 1994-м і працягнуў паспяховую канцэртную дзейнасць. За гады існавання Eagles прадалі больш за 200 мільёнаў пласцінак у свеце, атрымалі шэсць прэмій «Грэмі» і былі ўключаныя ў Залу славы рок-н-ролу.