BE RU EN

У файлах Эпштэйна знайшлі перапіску з мінскім агенцтвам

  • 10.02.2026, 17:10

З гэтай студыі выйшла падруга Лукашэнкі.

Згодна з файламі Джэфры Эпштэйна, амерыканскі фінансіст сачыў, якія дзяўчыны-мадэлі з’яўляюцца ў Беларусі, дапамагаў ім дабрацца да ЗША і Францыі, даваў жыццёвыя парады і атрымліваў рэзюмэ беларускіх мадэляў з фота і відэа. Пра гэта піша «Радыё Свабода».

У апублікаваных файлах Джэфры Эпштэйна, асуджанага ў 2008 годзе за схіленне дзяцей да прастытуцыі і паўторна арыштаванага ў 2019-м, ёсць перапіска за 2013 год з мінскай мадэльнай «Студыяй Тамара». Яна вялася з французскім агенцтвам Mademoiselle Agency.

«Студыя Тамара» працуе з 1993 года, кіруе ёй з моманту стварэння Тамара Ганчарова. Выхаванкамі гэтай студыі ў розны час былі, напрыклад, пераможца конкурсу «Міс Беларусь – 2016» Паліна Барадачова, а таксама Паліна Шуба, даўняя спадарожніца Аляксандра Лукашэнкі на розных мерапрыемствах і вядучая беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

«Добры дзень. Я таксама буду вельмі рада, калі ў нас ізноў пойдзе супрацоўніцтва! Дасылаю для пачатку чатырох дзяўчат. Дайце ведаць, што вы пра іх думаеце! Як толькі будзе вынік, буду думаць, каго прапанаваць яшчэ», – пісала ў студзені 2013 года прадстаўніца студыі, дасылаючы фота і відэа некаторых выхаванак.

Французскае Mademoiselle Agency перапісвалася з Эпштэйнам шмат разоў, у тым ліку пра мадэляў з Расіі, Літвы, Францыі і іншых краін. Некаторыя перапіскі заканчваліся набыццём квіткоў для дзяўчат і дамовамі, каб іх сустрэлі. У выпадку са «Студыяй Тамара» файлаў, якія б пацвярджалі адпраўку дзяўчат з Беларусі, няма.

Файлы Эпштэйна ўтрымліваюць шмат прыкладаў перапіскі фінансіста з дзяўчатамі з Беларусі. Поўныя імёны большасці з іх не раскрываюцца.

Напрыклад, для дзяўчыны В.П. у сакавіку 2018 года Эпштэйн праз пасярэднікаў набываў авіяквіток з Масквы ў Парыж за $1212. У красавіку таго ж года для гэтай жа дзяўчыны асістэнт Эпштэйна спрабаваў набыць квіткі з Парыжа ў Барселону.

Ёсць у файлах Эпштэйна і прыватная перапіска з беларускамі. У 2009 годзе мадэль з Беларусі звяртаецца да Эпштэйна па дапамогу, бо трапіла ў аварыю і таму страціла даходы. У 2011 годзе дзяўчына з Беларусі, якая пастаянна жыла за мяжой, падрабязна апісвае Эпштэйну, як праходзіць яе жыццё, і піша пра падарункі для сваякоў у Беларусі. Імя дзяўчыны не называецца.

У чэрвені 2011 года Эпштэйну прапануюць пазнаёміцца з дзяўчынай з Беларусі, якую завуць Аксана і якая «за апошнія некалькі гадоў стала крыху сталей, але ўсё яшчэ крыху ідэалістычная».

У 2015 годзе памочнікі Эпштэйна арганізоўваюць пералёт дзяўчыны М. з Мінска ў Варшаву, а далей у Парыж.

Увогуле ў апублікаваных файлах шмат прыкладаў, калі Эпштэйн чакае фота беларускіх мадэляў з Мінска, Дубая і іншых гарадоў, перапісваецца з імі, дапамагае фінансава. Напрыклад, за 8 месяцаў да смерці ён набываў для кагосьці квіткі з Мінска ў Парыж.

У лютым 2019 года Эпштэйн арганізоўвае вылет дзяўчат з Беларусі, Украіны і Расіі. Тады ж у яго планаваліся высокія госці: прэм'ер-міністр Славакіі (так падпісана ў перапісцы без удакладнення), былы міністр культуры Францыі Жак Ланг, неназваны султан і іншыя.

30 студзеня Міністэрства юстыцыі ЗША на патрабаванне Кангрэса ЗША апублікавала каля 3 млн розных дакументаў па справе Эпштэйна. Беларусь у іх згадваецца каля 1500 разоў.

Апошнія навіны