З Брэста будуць лятаць самалёты ў курортную краіну
- 10.02.2026, 19:11
З умоўным бязвізам.
Брэст і катарскую Доху гэтай вясной звяжа чартарнае авіяспалучэнне, паведаміў БелТА начальнік Брэсцкага філіяла ДП «Белаэранавігацыя» Аляксандр Дакучыц.
— На 2026 год будзе шырокая палётная праграма. Зусім новы напрамак для Брэста: з 10 сакавіка зробім чатыры прабныя рэйсы ў Доху. У маі адкрыецца яшчэ адзін новы напрамак: Эль-Аламейн (Егіпет). Працягнем працу па Шарм-эш-Шэйху. І ў маі адновяцца чартарныя палёты ў Анталію (Турцыя). Ажыццяўляем таксама рэгулярныя рэйсы, — расказаў Аляксандр Дакучыц.
Палёты будуць ажыццяўляцца на бортах Boeing 737-800.
— Для брэсцкага аэрапорта гэта рух наперад, пашырэнне геаграфіі палётаў. Мы над гэтым сур'ёзна працуем і хочам, каб колькасць палётаў павялічвалася. Ідзе гаворка не толькі пра чартарную праграму, але і пра рэгулярныя рэйсы. Працюем з рознымі авіякампаніямі, — адзначыў начальнік Брэсцкага філіяла «Белаэранавігацыі».
Паралельна працягваецца мадэрнізацыя брэсцкага аэрапорта. Спецыялісты займаюцца абнаўленнем адной з пераходных галерэй. Працы плануецца завяршыць да мая, тады пасадка пасажыраў будзе ажыццяўляцца па двух гейтах.
Нагадаем, у Катар віза беларусам адкрываецца бясплатна па прылёце на тэрмін да 30 дзён.