Германія змяняе пасла ва Украіне
- 11.02.2026, 2:59
Папярэдні прабыў на пасадзе менш за пяць месяцаў.
Пасол Германіі ва Украіне Хайка Томс, які пачаў дыпламатычную місію ў Кіеве ў верасні 2025 года, можа неўзабаве пакінуць пасаду. Пра гэта 10 лютага паведаміў Spiegel.
Паводле звестак СМІ, Томс займе пасаду пасла Германіі ў Іспаніі.
Да прызначэння ў Кіеў Томс быў паслом у Бразіліі, а раней працаваў дзяржсакратаром у нямецкім мінфіне.
Яго пераемнік ва Украіне пакуль не вызначаны. Гэтае пытанне не вынесена на разгляд урада ФРГ, падкрэсліў Spiegel.
Як паведамляюць СМІ, урад Германіі прызначае новых паслоў на сем прэстыжных і палітычна значных пасад – у Тэль-Авіве, Маскве, Мехіка, Мадрыдзе, Пекіне, Нью-Дэлі і Бразіліа.
Ратацыя, прапанаваная міністрам замежных спраў Ёганам Вадэфулем, узгодненая ўнутры кааліцыі і ўрада ФРГ, адзначыў Spiegel.