BE RU EN

Еўрапарламент ухваліў больш строгія правілы аб прытулку

  • 11.02.2026, 9:01

Новыя законы ўступяць у сілу ў чэрвені.

Дэпутаты Еўрапарламента прынялі два законы, якія робяць міграцыйнае заканадаўства больш жорсткім. Яны ўхвалілі спіс «бяспечных краін» і дазволілі накіроўваць прасіцеляў прытулку ў трэція краіны, да якіх яны не маюць ніякага дачынення, піша Deutsche Welle.

Еўрапейскі парламент (ЕП) канчаткова ўхваліў новыя, больш строгія правілы, што датычацца прадастаўлення прытулку ў ЕС. У аўторак, 10 лютага, на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу 408 дэпутатаў падтрымалі стварэнне спісу «бяспечных трэціх краін», якімі цяпер будуць лічыцца Бангладэш, Егіпет, Індыя, Калумбія, Косава, Марока і Туніс, паведамляецца на сайце ЕП.

Супраць зацвярджэння спісу «бяспечных краін» выступілі 184 чальцы Еўрапарламента, яшчэ 60 устрымаліся. Стварэнне такога пераліку паўплывае на атрыманне прытулку ў ЕС. Заяўкі ад выхадцаў з гэтых краін цяпер будуць разглядацца хутчэй і ў большасці выпадкаў будуць адхіляцца.

Акрамя таго, бяспечнымі краінамі будуць лічыцца кандыдаты на ўступленне ў ЕС (у прыватнасці, Сербія і Турцыя), калі ў гэтых краінах няма вайны або сур'ёзных пагроз правам чалавека. Такія спісы дагэтуль вяліся асобнымі дзяржавамі — чальцамі ЕС, у тым ліку Германіяй.

«Руандская» мадэль: мігрантаў змогуць накіроўваць у трэція краіны

Акрамя таго, Еўрапарламент ухваліў рэгламент прымянення канцэпцыі «бяспечных трэціх краін». За яго прагаласавалі 396 дэпутатаў, супраць выступілі 226, яшчэ 30 устрымаліся. Новыя правілы дазволяць краінам ЕС дэпартаваць уцекачоў у цэнтры прадастаўлення прытулку ў краінах, да якіх яны не маюць ніякага дачынення.

Гэтая мадэль раней была апрабаваная Вялікабрытаніяй і атрымала назву «руандскай». Дзяржавы Еўрасаюза могуць заключаць пагадненні з трэцімі краінамі аб прыёме прасіцеляў прытулку, якія змогуць падаваць там свае хадайніцтвы.

Сярод іншага адзначаецца, што ў прашэнні аб прытулку ў ЕС таксама можа быць адмоўлена, калі заяўнік праехаў праз трэцюю бяспечную краіну і мог бы запытаць там «эфектыўную абарону», альбо калі ў гэтай краіны ёсць дамоўленасць з ЕС аб прыёме асоб, якія шукаюць прытулак (за выключэннем непаўналетніх без суправаджэння).

Новыя правілы ўступяць у сілу ў чэрвені

Гэтыя правілы з'яўляюцца часткай пакета мер ЕС у сферы міграцыі і прадастаўлення прытулку, які павінен уступіць у сілу ў чэрвені 2026 года. Некаторыя палажэнні могуць быць ужытыя і раней. Гэтае рашэнне яшчэ патрабуе фармальнага адабрэння Еўрапейскай рады.

Раней паведамлялася, што РФ і Беларусь у новай міграцыйнай стратэгіі ЕС пазіцыянуюцца як варожыя дзяржавы, і хоць у візавай стратэгіі яны згадваюцца не наўпрост, выдача віз іх грамадзянам можа стаць «немэтазгоднай». Пры гэтым і з РФ, і з Беларуссю ў ЕС ёсць дамова аб рэадмісіі, то-бок абедзве гэтыя дзяржавы па-ранейшаму лічацца месцамі, куды можна вяртаць мігрантаў.

Так званыя гуманітарныя візы па-ранейшаму могуць выдавацца, але кожны выпадак разглядаецца асобна на падставе выключных асабістых абставін. Пры гэтым дзяржавы — чальцы ЕС не абавязаныя выдаваць гуманітарныя візы асобам, якія жадаюць запытаць прытулак, хаця ў індывідуальным парадку яны могуць быць выдадзеныя, нават калі звычайныя ўмовы ўезду не выкананыя.

Апошнія навіны