Вялікабрытанія кідае выклік РФ у Арктыцы
- 11.02.2026, 11:40
Колькасць войскаў у Нарвегіі будзе падвоена.
На працягу наступных трох гадоў колькасць брытанскіх войскаў у Нарвегіі падвоіцца ў межах мер супрацьдзеяння расійскай пагрозе на Крайняй Поўначы.
Пра гэта паведамляе BBC.
Міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі заявіў, што колькасць ваеннаслужачых, дыслакаваных у Нарвегіі, павялічыцца з 1000 да 2000 чалавек.
Гэта рашэнне было прынята ў сувязі з ростам занепакоенасці саюзнікаў па НАТА дзейнасцю Расіі ў Арктыцы, уключаючы аднаўленне працы старых баз часоў халоднай вайны і ўзмацненне ваеннай прысутнасці ў рэгіёне.
«Патрабаванні да абароны растуць, і Расія з'яўляецца найбольш сур'ёзнай пагрозай бяспецы Арктыкі і Крайняй Поўначы з часоў халоднай вайны», — заявіў Хілі.
Праект «Арктычны страж», прапанаваны брытанскім міністрам замежных спраў Івет Купер, накіраваны на ўмацаванне назірання і бяспекі ў рэгіёне па ўзоры існуючых альянсаў НАТА, такіх як «Балтыйскі страж» і «Усходні страж».
У межах пашырэння прысутнасці 1500 марскіх пяхотінцаў Каралеўскай марской пяхоты возьмуць удзел у вучэннях НАТА «Халодны адказ» у сакавіку.
Маштабныя вучэнні ў Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі прызначаныя для падрыхтоўкі саюзных сіл у экстрэмальных умовах Арктыкі.
У верасні пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі Аб'яднаныя экспедыцыйныя сілы правядуць вучэнні пад назвай «Lion Protector» з удзелам ваенна-паветраных, сухапутных і ваенна-марскіх сіл некалькіх еўрапейскіх краін.
У ходзе гэтай аперацыі ўзброеныя сілы будуць трэніравацца абараняць крытычна важную інфраструктуру ад атак і дыверсій на тэрыторыі Нарвегіі, Ісландыі і ў дацкіх пралівах.
У мінулым годзе Вялікабрытанія і Нарвегія падпісалі абаронны пакт, накіраваны на абарону падводных кабеляў, згодна з якім ваенна-марскія сілы дзвюх краін будуць кіраваць аб'яднаным флотам для адсочвання расійскіх падводных лодак.
Паводле дадзеных Міністэрства абароны, за апошнія два гады колькасць расійскіх падводных лодак у водах Вялікабрытаніі павялічылася на 30%.
Міністэрства абароны заявіла, што актыўнасць расійскіх падводных лодак у Паўночнай Атлантыцы цяпер вярнулася да ўзроўню часоў халоднай вайны.
Тым часам галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Нарвегіі Эйрык Крыстаферсэн паведаміў, што не можа выключаць магчымасці будучага ўварвання Расіі ў краіну, таму рыхтуецца да такога сцэнарыя.