Расійскія дроны ўсё часцей залятаюць у Беларусь
- 11.02.2026, 11:41
З пачатку лютага зафіксавалі ўжо як мінімум тры залёты.
Масавых залётаў расійскіх беспілотнікаў у Гомельскую вобласць, як гэта было раней падчас атак па тэрыторыі Украіны, пакуль няма, але такія выпадкі пачасціліся. Выснову пра гэта зрабіў «Флагшток» пасля аналізу ўкраінскіх маніторынгавых каналаў.
З пачатку лютага зафіксавалі ўжо як мінімум тры залёты. Апошні выпадак адбыўся раніцай 7 лютага, калі канал «Рында мониторит» паведаміў у 06:49, што адзін дрон вылецеў у Гомельскую вобласць праз Чарнобыль. Затым, у 07:13, з'явілася паведамленне, што БПЛА ляціць курсам на Чарнобыль з Беларусі. Верагодна, гэта быў адзін і той самы беспілотнік.
Напярэдадні, 6 лютага, той самы канал паведамляў у 03:01, што расійскі БПЛА рухаецца курсам на Оўруч з Беларусі. Пра месца і час залёту дрона ў Беларусь не паведамлялася.
Да гэтага, удзень 5 лютага, пара беспілотнікаў залятала ў Беларусь, каб уздоўж мяжы накіравацца на Кіеўшчыну або Жытоміршчыну, меркаваў канал «еРадар» у 12:07. Пра іх далейшы лёс нічога не вядома.
Такім чынам, як мінімум тры залёты адбыліся за першыя сем дзён лютага, у студзені было зафіксавана восем такіх выпадкаў. Пры тым, што раней, у снежні 2025 года, не было ніводнага пацверджанага факта перасячэння беларускай мяжы, а ў лістападзе было чатыры залёты.
Аднаўленне больш актыўнага выкарыстання расійскімі БПЛА тэрыторыі Беларусі адбылося ў той час, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра нейтралізацыю часткі антэн у памежжы Беларусі, якія падтрымлівалі расійскія атакі:
«Увесь час Расія будавала рознага кшталту паветраныя калідоры, якімі карысталіся расіяне падчас атак на нашу энергетыку. Перш за ўсё гэта ўдарныя дроны. Гэта тэхнічная падтрымка, тэхнічнае абсталяванне на антэнах на тэрыторыі Беларусі, якія дапамагалі дронам. Украіна займалася гэтым пытаннем і знайшла, што зрабіць з некаторымі антэнамі, каб зменшыць маштабы атак супраць нас».
Таксама залёты ў Беларусь пачасціліся на фоне страты расійскімі вайскоўцамі доступу да Starlink.