У Салігорскім раёне мужчына двойчы пагражаў падарваць вышку сувязі з-за дрэннага інтэрнэту
- 11.02.2026, 19:45
Што было далей.
Жыхар адной з вёсак Салігорскага раёна настолькі раззлаваўся на нізкую якасць інтэрнэт-сувязі, што пагражаў падарваць адпаведную вышку. Прычым зрабіў гэта двойчы, і двойчы яго за гэта судзілі, піша Blizko.by.
Першы выпадак адбыўся ў студзені 2025 года падчас навагодніх святаў: мужчына выпіў амаль бутэльку гарэлкі, узгадаў пра праблемы з мабільным інтэрнэтам, патэлефанаваў у службу падтрымкі, але там яму не дапамаглі.
Пасля гэтага раззлаваны мужчына вылаяўся і прыгразіў, што падарве інтэрнэт-вышку. За гэта суд прызначыў яму год «хатняй хіміі».
Пасля гэтага мужчына змяніў аператара, але гісторыя на гэтым не скончылася.
У верасні таго ж года ўжо новы аператар атрымаў званок з падобнай пагрозай. Інфармацыю перадалі ў міліцыю, дзе высветлілася, што «мінерам» зноў аказаўся той самы чалавек, які ўжо быў асуджаны за аналагічнае правапарушэнне.
На мужчыну ўзбудзілі новую крымінальную справу. Цяпер яму пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.