«Шокуючых дэталяў больш, чым у «Твін Пікс»»
- 11.02.2026, 22:06
У Балгарыі расследуюць загадкавыя смерці ў горных раёнах.
У Балгарыі праваахоўныя органы расследуюць абставіны гібелі шасці чалавек, целы якіх на працягу некалькіх дзён былі выяўленыя ў горных раёнах краіны. Пра гэта 10 лютага паведаміла The Guardian.
Першыя тры целы — мужчын ва ўзросце 45, 49 і 51 года — знайшлі на пачатку лютага ў згарэлым доміку каля Петроханскага перавалу. У ўсіх былі агнястрэльныя раненні галавы. Паводле папярэдніх даных судмедэкспертаў, стрэлы маглі быць зроблены з блізкай адлегласці, а сляды ДНК на зброі належаць самім загінулым.
Пазней паліцыя выявіла яшчэ траіх памерлых — двух мужчын 51 і 22 гадоў і 15-гадовага падлетка — у кемперы каля вяршыні Аколчыца прыкладна за 100 км ад Сафіі. Следчыя мяркуюць, што абодва выпадкі звязаныя паміж сабой.
Паводле інфармацыі пракуратуры, вынікі ўскрыцця сведчаць, што ў другім эпізодзе «верагодна былі здзейснены два паслядоўныя забойствы і адно самагубства».
Пяцёра з загінулых былі сябрамі прыродаахоўнай арганізацыі, якая дзейнічала ў раёне балгарска-сербскай мяжы. У медыя з'явіліся розныя версіі падзей — ад унутранага канфлікту ў групе да меркаванняў, што загінулыя маглі стаць сведкамі незаконнай дзейнасці, у тым ліку кантрабанды людзей або незаконнай высечкі лесу.
Сваякі ахвяр выключаюць версію пра ўнутраныя праблемы і заяўляюць пра магчымае наўмыснае забойства. У той жа час праваахоўнікі заклікаюць устрымацца ад спекуляцый і падкрэсліваюць, што расследаванне працягваецца.
Генеральны пракурор Барыслаў Сарафаў заявіў, што ў справе «больш шокуючых дэталяў, чым у «Твін Пікс» — амерыканскім серыяле 1990-х, дэтэктыўна-містычнай драме пра расследаванне забойства ў маленькім гарадку, дзе пад спакойнай абалонкай хаваюцца цёмныя таямніцы.
Экс-прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў назваў справу «палітычным шокам і сведчаннем стану краіны», выказаў спачуванні сем'ям загінулых, аднак адмовіўся каментаваць падзею.
СМІ нагадалі, што паводле апытання 2024 года 70% балгараў верылі ў тэорыі змовы, а 37% станавіліся ахвярамі дэзінфармацыі — настолькі, што аўтары даследавання, праведзенага Цэнтрам вывучэння дэмакратыі (CSD) і Балгарска-Румынскай абсерваторыяй лічбавых медыя, заявілі, што Балгарыя жыве ва ўмовах «постпраўды».