У Тамбоўскай вобласці РФ дроны ўразілі абаронны завод
- 12.02.2026, 8:36
Прагрымела серыя выбухаў.
У ноч на 12 лютага Мічурынск Тамбоўскай вобласці Расіі апынуўся пад масіраванай атакай дронаў. Пасля серыі выбухаў на тэрыторыі прадпрыемства «Прагрэс» успыхнуў пажар.
Прадукцыя гэтага завода актыўна выкарыстоўваецца ў самалётах, верталётах і ракетных комплексах. «Прагрэс» ужо другі раз апынаецца пад атакай, паведамілі маніторынгавыя каналы, піша «Фокус».
Пра налёт беспілотнікаў на Мічурынск паведамілі ў мясцовых Telegram-каналах каля 00:40. Вочавідцы сцвярджаюць, што ўсяго прагрымела не менш як 12 выбухаў.
Пазней у пабліках таксама з’явілася інфармацыя пра дым і пажар у прамысловым раёне Мічурынска. Расіяне пішуць пра масавыя траплянні БПЛА па інфраструктуры горада. У сетцы таксама паказалі кадры з месца падзей.
У той жа час у сетцы паведамляюць, што расійская супрацьпаветраная абарона ў Мічурынску «адпрацавала» па грамадзянскіх аб’ектах. Пашыраецца інфармацыя пра пашкоджанне мясцовага гандлёвага цэнтра, а таксама інтэрната.
Афіцыйна мясцовыя ўлады на момант публікацыі не каментавалі масіраваную атаку на Тамбоўскую вобласць.
Паводле даных з адкрытых крыніц, завод «Прагрэс» у Мічурынску — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў, што дзейнічаюць у межах Тамбоўскай вобласці РФ. Завод вырабляе высокатэхналагічнае абсталяванне для сістэм кіравання авіяцыйнай і ракетнай тэхнікі, у прыватнасці:
гіраскапічныя прыборы для стабілізацыі і кіравання;
курсапаказальнікі і аўтапілоты, якія забяспечваюць навігацыю і аўтаматычнае кіраванне палётам.
датчыкі вуглавой хуткасці і іншыя элементы лётна-навігацыйных сістэм.
Завод лічыцца часткай ваенна-абароннага комплексу Расіі, паколькі актыўна ўкараняе новыя тэхналогіі ў ваенную тэхніку расіян.