BE RU EN

У Мінску падлетак некалькі гадзін кідаў у чужы BMW цэглу, дарожныя знакі і іншыя прадметы

  • 12.02.2026, 10:41

А пасля таго, як разбіў шкло, залез у салон і заснуў.

Крымінальную справу за хуліганства і наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці ўзбудзілі ў дачыненні да 17-гадовага хлопца, які на службовай стаянцы разграміў прыпаркаваны BMW. Падрабязнасці расследавання паведамілі ў Следчым камітэце, піша «Зеркало».

Інцыдэнт адбыўся ў лістападзе 2025 года. Жыхар Мінскай вобласці прыехаў у сталіцу, каб наведаць сястру. Калі высветлілася, што дзяўчына занятая, ён накіраваўся дадому да сябра, дзе выпіў спіртное.

Потым падлетак выйшаў на вуліцу і апынуўся каля службовай стаянкі аднаго з мінскіх прадпрыемстваў. Пашкодзіўшы замок агароджы, ён пранікнуў на тэрыторыю аб’екта. Там яго ўвагу прыцягнуў кросовер BMW. Ён паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі замкнёныя.

Тады юны госць сталіцы «нанёс не менш за 40 удараў рукамі і нагамі па аўтамабілі, на працягу некалькіх гадзін кідаў у яго цэглу, дарожныя знакі прадпрыемства, а таксама мяшок з пясчана-салёвай сумессю». У выніку задняе шкло не вытрымала націску і разбілася. Праз яго непаўналетні і пранік у аўтамабіль, сеў на вадзіцельскае сядзенне, а потым заснуў.

«Праз некаторы час яго разбудзіў уладальнік аўтамабіля. Абвінавачваны не змог растлумачыць матывы свайго ўчынку, спасылаючыся на тое, што не памятае таго, што адбылося з-за выпітага алкаголю», — паведамілі ў Следчым камітэце.

Прычыненую аўтамабілю шкоду ацанілі ў 24 тысячы рублёў. Бацькі непаўналетняга яе цалкам кампенсавалі.

Дзеянні маладога чалавека кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры).

Апошнія навіны