Apple пачала блакіраваць уліковыя запісы расіян з-за санкцый
- 12.02.2026, 13:28
Абмежаванні набылі масавы характар.
Apple пачала абмяжоўваць пакупкі, афармленне падпісак і іншыя аперацыі для расіян, даныя якіх супадаюць з інфармацыяй са санкцыйных спісаў, паведамляе iPhones.ru. Карыстальнікі атрымліваюць паведамленні, у якіх гаворыцца, што яны не могуць здзяйсняць пакупкі, паколькі іх даныя «поўнасцю або часткова супадаюць з данымі адной або некалькіх асоб са спісу асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ўрада ЗША або іншага ўрада». У Apple тлумачаць, што абавязаны выконваць дзеючае заканадаўства і нарматыўныя патрабаванні. Калі раней падобныя выпадкі былі адзінкавымі, то цяпер абмежаванні набылі масавы характар.
Падобныя супадзенні могуць закрануць дзясяткі тысяч расійскіх карыстальнікаў, якія ў выніку могуць страціць доступ да сваіх Apple ID. Уладальнікі прылад ужо скардзяцца на блакіроўку, выдаленне профіляў і немагчымасць карыстацца сэрвісамі, адзначае Shot. Паводле слоў карыстальнікаў iPhone, у наладах уліковага запісу з’явілася паведамленне аб неабходнасці прайсці дадатковую праверку асобы і загрузіць фота пашпарта. Без гэтага нельга здзяйсняць пакупкі ў App Store, узнікаюць складанасці з доступам да Game Center, гульняў і iCloud. Некаторыя спрабуюць адвязаць прылады ад заблакіраваных уліковых запісаў, каб стварыць новыя.
Apple таксама ўзмацняе кантроль за пастаўкамі смартфонаў у Расію праз іншыя краіны, дзе кампанія афіцыйна не працуе. Як паведамляла індыйскае выданне MoneyControl, афіцыйныя дыстрыб’ютары папярэдзілі мясцовых рытэйлараў пра высокія штрафы за актывацыю iPhone з дапамогай замежных SIM-карт на працягу 90 дзён пасля пакупкі. Асаблівая ўвага надаецца найноўшай 17-й серыі смартфонаў. У рассылцы для прадаўцоў сказана, што ў выпадку выяўлення выкарыстання прылад з замежнымі SIM-картамі «на вашу гандлёвую кропку будзе накладзены высокі штраф, а код крамы можа быць заблакіраваны ў адпаведнасці з палітыкай».
Apple можа адключыць свае прылады на тэрыторыі Расіі і ператварыць іх у «цагліны», заяўляў намеснік кіраўніка камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Андрэй Свінцоў. «Тэхнічна гэта сапраўды магчыма», — казаў ён. Пры гэтым, паводле меркавання Свінцова, расіяне хутка знойдуць замену гаджэтам Apple, калі кампанія пакажа сябе як інструмент «у руках спецслужбаў Злучаных Штатаў».